Праваабаронцы: Выбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах беспрэцэдэнтных рэпрэсій (абноўлена)
Сёлетнія выбары прэзідэнта суправаджаюцца беспрэцэдэнтным гвалтам, які раней мы ніколі не бачылі.
Пра гэта заявіў на адмысловай прэс-канферэнцыі каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ад Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Лабковіч:
– У нас так прынята, што выбарчая кампанія звязана са з’яўленнем тых ці іншых новых палітычных вязняў. Так было заўсёды, у кожную выбарчую кампанію. І кампанія 2001 года, і 2006 года, і 2010 года, акрамя 2015 года, усе кампаніі суправаджаліся рэпрэсіямі з боку ўлады да актыўных удзельнікаў кампаніі, у тым ліку да кандыдатаў. Але ніколі гэта не было праявай першых этапаў выбарчай кампаніі. Зараз, на жаль, мы маем гэта фактычна з моманту прыняцця Палатай Прадстаўнікоў рашэння аб прызначэнні выбараў.
Выбарчая кампанія 2020 года ў параўнанні з папярэднімі мае шмат адметнасцяў. І яны пачынаюцца ўжо з самых першых этапаў, адзначае каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак:
– Дата выбараў прызначана амаль на месяц раней, чым чакалася. І пасля абвяшчэння выбараў на этап рэгістрацыі ініцыятыўных груп у патэнцыйных кандыдатаў, у зацікаўленых асобаў, было толькі 7 дзён, раней, напрыклад, гэта было 17 дзён у 2015 годзе, у 2010 годзе – 10 дзён.
Поўную версію прэс-канферэнцыі, дзе праваабаронцы далі сваю ацэнку першым этапам выбарчай кампаніі, можна паглядзець на фэйсбук-старонцы “Праваабаронцы назіраюць за выбарамі”.
Беларускае Радыё Рацыя