Ля ЦВК сотні ахвотнікаў падаць скаргу на нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы



Некалькі тысяч чалавек прыйшлі да Цэнтрвыбаркаму ў Менску, каб падаць скаргі на адмову зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.

Людзі ў чарзе кажуць, што іх абураюць падобныя адносіны ўладаў. Так, трэнер і саўладальнік аднаго з трэнажорных залаў Мікіта Малікаў кажа, што не мог не прыйсці ў Цэнтрвыбаркам, хаця і вельмі заняты: 

– Я вельмі не люблю чэргі, але менавіта ў гэтай чарзе я б хацеў пастаяць. Хачу ўдакладніць, як вось мне, грамадзяніну Рэспублікі Беларусь у свае 24 гады здзяйсняць сваё выбарчае права, калі мяне ўлада не чуе, яна не хоча мяне чуць і не ідзе ўвогуле ні на якія дыялогі. Справа ў тым, што я імкнуўся быць і сябрам участковай выбарчай камісіі, і назіральнікам, бо тое, што адбываецца, няправільна. Таму я тут. Зразумеў, што не магу маўчаць, пасля таго, як Бабарыку арыштавалі. Я чатыры гады „хаваў галаву ў пясок”, думаў, што калі мяне не чапаюць, то можна займацца сваімі справамі.

А зараз я зразумеў, што акрамя асабістых спраў, трэба памятаць і аб дзяржаве, краіне, грамадязнах, аб усім, што тут адбываецца, – кажа трэнер Нікіта Малікаў, адзін з тысячаў грамадзянаў, якія вырашылі абскардзіць адмову Цэнтрвыбаркаму зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.

Напярэдадні штаб экс-старшыні «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі падрыхтаваў скаргу на парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, апублікаваў яе на сваім сайце і заклікаў беларусаў таксама раздрукаваць гэтую скаргу, падпісаць і падаць у ЦВК – асабіста або праз пошту.

У скарзе патрабуюць:адмяніць рашэнне ЦВК і зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі, змяніць меру стрымання Віктару і Эдуарду Бабарыкам, Сяргею Ціханоўскаму і іншым палітвязням.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск