Лукашэнка: Сёння ніякай гаворкі не можа быць пра прыватызацыю „Нафтана”



Пра прыватызацыю наваполацкага ААТ „Нафтан” „ніякай гаворкі не можа быць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 ліпеня ў Віцебску на сустрэчы з актывам вобласці.

Ён адзначыў, што за апошнія гады праведзена мадэрнізацыя на найбуйнейшых прадпрыемствах рэгіёна, адно з якіх „Нафтан”.

„У бягучай пяцігодцы праведзена рэканструкцыя тэхналагічных установак на „Нафтане”. Гэта адзін з флагманаў беларускай нафтаперапрацоўкі. Як і на іншыя ласыя кавалкі нашай эканомікі, на яго было і сёння ёсць шмат ахвотных. Але гэтае прадпрыемства для нас стратэгічнае. Гэта экспарт, валютная выручка, пытанне эканамічнай бяспекі краіны. Таму, натуральна, сёння ніякай гаворкі не можа быць аб прыватызацыі гэтага прадпрыемства”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Мы самі знаходзім грошы і паслядоўна праводзім мадэрнізацыю, каб выйсці на самы высокі ўзровень перапрацоўкі нафты”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што ў краіне не будуць „педаліраваць” пашырэнне свабодных эканамічных зон, бо краіна ад прадпрыемстваў у СЭЗ атрымлівае менш падатковых паступленняў. „Той перыяд, калі нам трэба было кроў з носа стварыць працоўныя месцы, скончыўся. Нам патрэбныя працоўныя месцы, прадпрыемствы, якія будуць працаваць у нармальных умовах і вырабляць на роўных з іншымі прадукцыю, гандляваць ёю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў, што на многіх прадпрыемствах Віцебскай вобласці ў апошнія гады былі рэалізаваныя праекты па мадэрнізацыі, развіцці вытворчасцяў. Гэта, паводле яго слоў, не толькі нафтахімічны комплекс. „Да прыкладу, сур’ёзна абноўлены Аршанскі льнокамбінат. Я не раз казаў: лёну ў Беларусі быць. Гэта наш нацыянальны набытак, частка іміджу і культуры краіны, самы перспектыўны экспартны сегмент лёгкай прамысловасці. Экалагічна чысты, прыгожы матэрыял. І ён будзе заўсёды запатрабаваны, асабліва калі мы трошкі паварушымся ў плане продажу, маркетынгу гэтай прадукцыі. Пакуль мы яшчэ недастаткова працуем у гэтым плане. Гэта не толькі прадаць, але прадаць за добрыя грошы”, – адзначыў Лукашэнка.

У якасці прыкладу паспяховага супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага бізнесу Аляксандр Лукашэнка назваў холдынг „Марка”, дзе дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі вытворчых магутнасцяў будзе выпускацца да 5 млн пар абутку.

„Своечасова зарыентаваўся і „Віцязь”. Яны стварылі сучасную вытворчасць зараднай інфраструктуры для электрамабіляў. Але гэтага мала. Я ўважліва назіраю за развіццём гэтага прадпрыемства”, — сказаў афіцыйны беларускі лідар.

belapan.by