У Гародні хлопца затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг



Увечары, 14 ліпеня, у Гародні быў затрыманы Уладзімір Родчанка, які ездзіў па горадзе на сваім аўто з бел-чырвона-белым сцягам.

Распавядае Уладзімір Родчанка:

– Сцягі ўсталяваныя ўжо былі, я перыядычна па горадзе катаюся. Глядзеў стрым пра тое, як не зарэгістравалі кандыдатаў. Дзякуй ЦЫКу ці цырку. Я супраць такога падыходу і лічу, што ўсе кандыдаты павінны быць дапушчаны, прынамсі тыя, якія высоўваліся пачаткова – Цапкала, Бабарыка і Ціханоўскі. Гэта тое, што асабіста мне важна. За 26 гадоў проста надакучыла. Я не хачу, каб хтосьці перажываў, не мог спакойна выйсці і заявіць пра праблемы.

Затрыманне не было для яго нечаканасцю, бо да гэтага яго ўжо спынялі супрацоўнікі ДАІ:

– Было вельмі цікава. З Савецкай я паварочваў на вуліцу Сацыялістычную, направа ў бок школы-ліцэя, такую васьмёрку рабіў вакол танка і праз Cавецкую праязджаў. Бачу за мной ужо едзе машына ДАІ з праблясковымі маячкамі без гукавых сігналаў. Я проста паказаў паварот і затрымаўся на дарозе. У пратаколе напісана 45-ы дом, ну хутчэй яно так і ёсць.

Пасля гэтата да Уладзіміра Родчанкі у аўтамабіль сеў супрацоўнік ДАІ, яны разам рушылі ў Ленінскі РАУС Гародні, дзе хлопца пратрымалі амаль тры гадзіны і на 10 дзён затрымалі яго аўтамабіль. Цяпер ён раіцца з юрыстамі наконт таго, што рабіць далей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча