„Міжнародная амністыя” асудзіла ўчарашнія затрыманні ў Беларусі
Масавыя затрыманні падчас мірных сходаў у Беларусі парушылі правы пратэстоўцаў і справакавалі гвалт, заявіла арганізацыя „Міжнародная амністыя”, каментуючы ўчарашнія падзеі ў краіне.
„Людзі, якія сабраліся, каб асудзіць неўключэнне апазіцыйных палітыкаў у спіс кандыдатаў у прэзідэнты, мелі поўнае права выйсці на вуліцы. Мірны пратэст з’яўляецца важным спосабам рэалізацыі правоў на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў”, — заявіла старэйшы кiраўнiк кампаній „Міжнароднай амністыі” па Беларусі Аіша Джанг.
„Учора міліцыя імкнулася разагнаць мірныя сходы, звяртаючыся да празмернага і непатрэбнага прымянення сілы, у многіх выпадках былі задзейнічаныя супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Гэта выклікала бурную рэакцыю з боку некаторых пратэстоўцаў якія спрабавалі прадухіліць арышты і збіванні іншых, што таксама ўзмацніла напружанасць. Аднак, паводле слоў відавочцаў і згодна з шырока даступнымі відэазапісамі, мітынгі заставаліся ў асноўным мірнымі, і многія з арыштаваных былі мірнымі пратэстоўцамі”, — адзначыла Джанг.
Паводле яе слоў, беларускія ўлады павінны паважаць правы чалавека, не разганяць і не пераследаваць у судовым парадку людзей, якія адстойваюць свае правы і палітычны выбар. „Любы, хто затрыманы проста за мірныя пратэсты ў Менску або іншых гарадах, з’яўляецца вязнем сумлення і павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены”, — заявіла каардынатар.
14 ліпеня больш за 250 чалавек было затрымана падчас стыхійных акцый пратэсту супраць адмовы ЦВК зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу „па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на тэрыторыі горада Мінска, спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў” (арт. 342 КК).