Праваабаронцы паведамляюць пра больш чым 20 затрыманых



Больш за 20 чалавек затрыманыя сёння ўвечары ў Менску, Барысаве і Гародні, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

У сталіцы затрыманні пачаліся пасля 19 гадзін, калі завяршылася праца Цэнтрвыбаркама, куды выстраілася доўгая чарга ахвотных перадаць скаргі на нерэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. У міліцыю было дастаўлена сем чалавек, у тым ліку журналіст „Радыё Свабода” Антон Трафімовіч, пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Віялета Саўчыц і, паводле неправераных звестак, грамадзянін ЗША.

Пасля журналісты былі адпушчаныя, у Трафімавіча разбіты нос.

Напярэдадні падчас стыхійных акцый пратэсту было затрымана больш за 250 чалавек, у тым ліку 14 журналістаў. Сёння прайшлі першыя суды. Праваабаронцам вядома пра 19 судовых рашэнняў у Менску (восем чалавек атрымалі розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту, 11 аштрафаваныя).

belapan.by