У Пружанах судзілі ўдзельніка акцыі салідарнасці



Суд Пружанскага раёна, старшыня суда Вадзім Мазоль, які вёў працэс, пакараў удзельніка акцыі салідарнасці Міхаіла Кісяля 15 суткамі арышту.

Мужчыну абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сведкамі былі трое міліцыянтаў.

Хадайніцтва Міхаіла Кісяля пра выклік яго сведкаў было адхілена, кажа Алена, якая прысутнічала ў судовым працэсе:

– У доказ выставілі фотаздымак, там хтосьці нас сфатаграфаваў, мы стаім са сцягам. Сведкі казалі, што мы прыехалі, там стаялі людзі, гэты быў са сцягам, гэты ў кашульцы „Краіна для жыцця”.

Паводле праваабаронцы з Берасця Рамана Кісляка, рашэнне суда абсалютна незаконнае:

– Людзі маюць права на выказванне свайго меркавання і права свабодна збірацца. Гэтыя рэпрэсіі накіраваныя на тое, каб закрыць людзям рты, каб людзі перасталі выказваць свой пратэст супраць цяперашняй сітуацыі і дзейснай улады.

Рашэнне суда Міхаіл Кісель намераны абскардзіць. Другога затрыманага Юрыя Папко будуць судзіць 16 ліпеня а 9 гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя