Павел Белавус: Суд над крамай symbal.by звязаны з выбарчай кампаніяй у Беларусі



Ужо сёння, 16 ліпеня, адбудзецца судовы працэс над крамай symbal.by. Месяц таму было канфіскавана крыху больш за чатыры сотні цішотак з надпісам Псіхо3%. Прадукцыя з’яўлялася дызайнерскай, на тавар меліся адпаведныя дакументы.

Дырэктар крамы Павел Белавус перакананы, што суд звязаны выключна з выбарчай кампаніяй у Беларусі:

– Цяпер мы не маем права працаваць як вытворчасць, як цэх, дзе ў нас выраблялася і тэкстыльная прадукцыя,  торбы, цішоткі, дзе вырабляліся кубкі і розныя дробныя сувеніры. Таму што санстанцыя выпісала пастанову аб парушэнні. Гэтыя парушэнні нерэальна выправіць з аднаго боку, з іншага боку – мы атрымалі ад уладальнікаў будынка, дзе мы знаходзімся, скасаванне дамовы арэнды.

У суд на symbal.by падалі прадстаўнікі МНС. Яны просяць эканамічны суд прыпыніць дзейнасць крамы з прычыны парушэнняў, паколькі раней 24 чэрвеня, згодна іншай пастановы, гандлёвая кропка не спыніла сваю дзейнасць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: symbal.by