Менскі абласны суд не адмяніў штраф за Курапаты
Суддзя Гурыновіч палічыла абгрунтаваным рашэнне Менскага раённага суду аб спагнанні штрафу ў памеры 3 мільёнаў 750 тысяч рублёў з намесніка старшыні партыі КХП БНФ Юрася Беленькага за правядзенне мітынгу на Дзяды ў Курапатах.
„Суд чарговы раз узаконіў юрыдычны нонсэнс, хаця я спадзяваўся на пазітыўнае вырашэнне справы”, – кажа беларускі палітык.
– Фармальна, калі разглядаць справу, старшыня абласнога выканкаму, які даваў дазвол на мерапрыемства, перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы. Ён не меў права патрабаваць аплаты без рашэння выканкаму. Я ў судзе гэта падкрсэліў. У сувязі з гэтым я спадзяваўся, што яны гэтую справу паспрабуюць нейкім іншым чынам вырашыць. Бо ім фармальна хаця бы трэба захаваць твар у гэтай сітуацыі.
Палітык мае намер надалей абскарджваць рашэнне суду ў вышэйшых інстанцыях беларускай судовай сістэмы. Калі судовыя сродкі ў Беларусі будуць вычарпаныя Юрась Беленькі мае намер звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя