Пра выбары без выбараў



Чым далей у лес, тым болей дроў. Чым бліжэй выбары, тым усё болей затрыманняў і дзіўных паводзін уладаў. Такое адчуванне, што яны робяць усё, каб раззлаваць народ. Грамадзяне ідуць на пікеты і выстройваюцца ў чаргу, каб аддаць подпіс, – яны іх хапаюць. Грамадзяне выстройваюцца ў чаргу ў краму, каб набыць нацыянальную вопратку, – яны іх зноў хапаюць. Грамадзяне ідуць падаваць скаргі ў ЦВК, выстройваюцца ў чаргу, – яны іх таксама затрымліваюць. Грамадзяне ідуць адпраўляць скаргі на пошту – закрываюць пошту і адключаюць святло. А заадно закрываюць станцыі метро «Купалаўская», «Кастрычніцкая» і «Плошча перамогі» ды падганяюць салдат унутраных войск, АМАП і аўтазакі. Міліцыянты вядуць сябе нахабна, дазваляючы казаць абразы. Журналістаў затрымліваюць, не даюць працаваць і збіваюць. Затрыманні ідуць не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. Такімі тэмпамі хутка будуць усе чэргі, нават у крамах разганяць. Ну, так. На ўсялякі выпадак. А ў ізалятарах часовага ўтрымання хутка месцаў не застанецца.

А тут яшчэ ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі на выбары не прыедуць назіральнікі з АБСЕ. Што праўда, чаго ехаць туды, дзе няма выбараў, калі людзі стаяць у чэргах і не кажуць аніякіх лозунгаў, а іх жорстка затрымліваюць. Аднак назіральнікі АБСЕ гэтым разам не самі не прыедуць, іх проста не запрашае беларускі бок. Вось так за некалькі месяцаў уся шматгадовая праца Міністэрства замежных спраў па выстройванні іміджу краіны пайшлі сабаку пад хвост. Хаця, цяжка выстраіць тое, чаго даўно няма.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ