Андрэй Дзмітрыеў: Большасць беларусаў сёння хоча новага прэзідэнта
Першую прэсавую канферэнцыю правёў у Менску кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў.
Улады дазволілі падобныя сустрэчы толькі на нязручных і аддаленых ад цэнтру пляцоўках. Дзмітрыеў вырашыў „абыграць” гэты здзеклівы дазвол. Сустрэча адбывалася ў скверы „Тучынскі” каля руінаў былога кінатэатра „Сучаснік” і на беразе закінутай сажалкі. Гэта сімвал нашага цяперашняга грамадскага жыцця пры Лукашэнку, – сказаў Андрэй Дзмітрыеў.
– Наш план у тым, каб як мага больш беларусаў даведалася і пабачыла, што большасць з іх сёння хоча абраць новага прэзідэнта. І мы будзем выкарыстоўваць усе магчымасці, каб дайсці да людзей, каб з імі паразмаўляць, каб яны не апускалі рукі.
Андрэй Дзмітрыеў сказаў, што не выключае супольных дзеянняў з іншымі дэмакратычнымі прэтэндэнтамі ці камандамі недапушчаных да выбараў альтэрнатыўных кандыдатаў. У той жа час ідэю зняцця з выбараў і байкоту ён не падтрымлівае і лічыць, што гэта капітуляцыя.
Другая частка прэсавай канферэнцыі Андрэя Дзмітрыева была нечаканай. Карыстаючыся месцам яе правядзення, ён правёў яе ў сажалцы. Апрануў паляўнічыя боты і залез у ваду, адкуль працягваў адказваць на пытанні.
– Мы адмыслова абралі такое месца, каб паказаць у якіх умовах хочуць зрабіць ціхае пераназначэнне Лукашэнкі. Мы жа хочам, каб голас беларусаў 9 жніўня быў гучным і зразумелым. Яны сказалі: свабоду палітвязням, сумленныя выбары, новы прэзідэнт.
І хаця ўлады чыняць перашкоды, што і дэманструе гэтая прэсавая канферэнцыя ў сажалцы, але мы працягнем выкарыстоўваць любыя магчымасці для сустрэч і размоў з выбарцамі, – падсумаваў Андрэй Дзмітрыеў.
Беларускае Радыё Рацыя