Пра армію, прэзідэнта і новую Канстытуцыю
Выбары яшчэ не адбыліся, а хтосьці ўжо гаворыць пра новую Канстытуцыю. І не проста гаворыць, а перакананы, што яна будзе. І, відаць, перакананы і ў тым, хто і якія будзе ініцыяваць пытанні. Так, напрыклад, саміведаецехто падчас наведвання 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады прапанаваў, каб у новай Канстытуцыі было прапісана, што прэзідэнтам можа стаць толькі грамадзянін Беларусі, які адслужыў у войску. Інтэрнэт-карыстальнікі на гэта адрэагавалі, што таксама трэба дадаць, што прэзідэнтам можна быць толькі пасля дырэктарства ў саўгасе.
А ўвогуле прапанова ўнесці ў Канстытуцыю патрабаванне адслужыць у войску для тых, хто збіраецца на пасаду прэзідэнта, – сама па сабе антыканстытуцыйная. Хаця каго гэта калі спыняла. Па-першае, у такі разе не змогуць стаць прэзідэнтамі жанчыны. То бок ужо парушаецца прынцып роўнасці. Бо служба ў войску ў нас не з’яўляецца абавязковай для жанчын. Ужо адразу б дапісалі пункт, што прэзідэнтам можа быць толькі мужчына. А па-другое, што, напрыклад, рабіць людзям з інваліднасцю, скаліёзам ці плоскаступнёвасцю? Адмовіцца ад прэзідэнцтва, бо іх не ўзялі ў войска праз праблемы са здароўем? То бок можна быць вельмі разумным і годным чалавекам, але праз тое, што не служыў у войску, шлях да прэзідэнцтва будзе закрыты.