Лідзія Ярмошына назвала чэргі ў ЦВК рэжысурай паплечнікамі Бабарыкі



Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына пракаментавала TUT.by масавую падачу скаргаў на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы кандыдатамі ў прэзідэнты. 15 ліпеня ў чарзе ў ЦВК стаялі каля 2500 чалавек. Па словах Ярмошынай, паспелі падаць скаргі толькі 148 чалавек.

«Тое, што рабілася, – гэта… палітычная акцыя, зрэжысаваная паплечнікамі спадара Бабарыкі найперш», – адзначыла Ярмошына. Яна паведаміла, што 15-16 ліпеня ЦВК атрымаў яшчэ 1060 падобных зваротаў па пошце. Акрамя таго, у камісію дасланыя 4067 электронных зваротаў. Старшыня Цэнтрвыбаркама падкрэсліла, што ў далейшым падобныя скаргі будуць прымацца толькі па пошце.

«Не падымаючы галавы працавалі два работнікі, – кажа Лідзія Ярмошына. – не ў стане нават усе гэтыя скаргі разабраць і зарэгістраваць…».

Пасля Цэнтрвыбаркам на сваім сайце паведаміў, што права на абскарджанне адмоў у рэгістрацыі маюць асобы, якія вылучаны кандыдатамі ў прэзідэнты.

Беларускае Радыё Рацыя