У першым паўгоддзі грузаперавозкі ў Беларусі знізіліся амаль на 9%



У студзені—чэрвені 2020 года арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі перавезена 186,6 млн тон грузаў — на 8,8% менш, чым за такі ж перыяд 2019 года, вынікае са звестак Белстата.

Грузаабарот транспарту склаў 58,5 млрд тона-кіламетраў (на 7,3% менш).

Перавозкі грузаў чыгуначным транспартам у студзені—чэрвені знізіліся на 18,6% і склалі 58 млн 625,7 тыс. тон. Трубаправодным транспартам перамешчана грузаў на 6,2% менш (52 млн 288,1 тыс. тон), аўтамабільным — на 1,7% менш (74 млн 511,7 тыс. тон).

Аб’ём перавозак паветраным грузавым транспартам павялічыўся на 6,2% (13,5 тыс. тон), унутраным водным транспартам — на 17,5% да 1 млн 119,6 тыс. тон.

Эканамічных перадумоў для росту грузаперавозак у Беларусі няма, лічыць выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” эканаміст Яраслаў Раманчук. Пра гэта ён раней заявіў БелаПАН, каментуючы звесткі афіцыйнай статыстыкі.

„Грузаперавозкі растуць тады, калі ёсць паспяховы экспарт, калі ёсць што вазіць і каму прадаваць. Тады ёсць канкурэнтны рынак грузаперавозак нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню”, — падкрэсліў Раманчук. Ён заўважыў, што ў Беларусі „падае экспарт, аптовы тавараабарот, таму вазіць даводзіцца ўсё менш”. „Тавары ляжаць на складах прадпрыемстваў, эканамічная актыўнасць знаходзіцца ў зоне стагнацыі, Беларусь па лагістыцы прайграе краінам Еўразвяза і Расеі. Лагістыка і транспартныя перавозкі ў нас на ўзроўні 30—40-гадовай даўніны”, — падкрэсліў эксперт.

На яго думку, для развіцця грузаперавозак „неабходна развіваць і адказнае захоўванне, і канкурэнтныя цэны, і якасць паслуг”. „Усяго гэтага Беларусь не мае, таму знаходзіцца нават не ў першай сотні краін па ўзроўні лагістычнай інфраструктуры. Адсюль такі вынік. Ніякіх перадумоў для росту няма. Калі дзясяткі гадоў лічыць, што фактар геаграфічнай перавагі сам па сабе запрацуе. Самі па сабе растуць пустазелле і лопухі, а лагістыка сама па сабе не пабудуецца. Калі дамінуе дзяржаўны жорсткі рэгулятарны жым, няма паўнавартаснага ўяўлення, як развіваецца лагістыка ў сучасным свеце, не выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі з улікам прамысловай рэвалюцыі, атрымліваецца як з калгасамі”, — сказаў Раманчук.

belapan.by