Павел Палейчык: Пакуль застаюся без працы



Фельчар з Ліды Павел Палейчык распавёў пра тое, чым займаецца пасля таго, як у яго закончыўся кантракт з Лідскай раённай бальніцай.

Нагадаем, што яшчэ ў красавіку Павел Палейчык падчас сустрэчы, якая была арганізавана блогерам Сяргеем Ціханоўскім, выказаўся на камеру пра сітуацыю з каронавірусам у горадзе. А да гэтага Павел звярнуўся па дапамогу да валанцёраў, таму што медыкам не хапала сродкаў абароны.

За ўдзел у стрыме лідскі фельчар атрымаў 7 сутак арышту, а праз нейкі час стала вядома, што кантракт, які заканчваецца 9 ліпеня, працягваць з Паўлам Палейчыкам не будуць.

Пасля гэтага на платформе MolaMola запусцілі збор для дапамогі фельчару. Планавалася сабраць 2 тысячы рублёў, але ў выніку амаль за суткі Паўлу назбіралі 20.360 рублёў.

Павел Палейчык: 9 жніўня ў Лідскай раённай бальніцы забраў усе дакументы і пакінуў гэтую ўстанову, але пакуль застаюся без працы. Планаваў пайсці на працу фельчарам у адну з менскіх бальніц, нават на сумоўе ездзіў у сталіцу. Абяцалі патэлефанаваць, але так і не дачакаўся.

Была яшчэ прапанова з абласной псіханеўралагічнай бальніцы “Астроўля”, якая знаходзіцца ў Лідскім раёне, але пакуль хочацца знайсці працу па асноўнай спецыяльнасці, каб не губляўся выязны стаж працы ў “Хуткай”. Паспрабую працаўладкавацца фельчарам у іншых раёнах Гродзенскай вобласці.

А зараз, каб ужо зусім не сядзець без працы, спрабую працаўладкавацца ў адну са службаў таксі Ліды.

РР: Не шкадуеце, што ў свой час выказаліся публічна пра праблемы бальніцы?

Павел Палейчык: Ні пра што не шкадую, я ж нічога крамольнага не зрабіў. Гэта нармальна, калі чалавек не маўчыць, а падымае праблемы. Значыць гэты чалавек нераўнадушны. Таму што здарылася, тое здарылася. Мяркую, з часам усё забудзецца, але мае сумленне будзе чыстае.

А пакуль жыць сям’і ёсць на што – людзі сабралі дастаткова грошай, а таму яшчэ раз хачу выказаць усім падзяку. Ды і сам я без працы сядзець не збіраюся.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя