Леанід Судаленка: Не веру ніводнаму слову чыноўнікаў



Прававы інспектар прафсаюза РЭП з Гомеля Леанід Судаленка, які не так даўно перахварэў на каронавірус, распавёў чаму некаторыя чыноўнікі робяць смелыя заявы.

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар заявіў, што «час выходзіць з пандэмічнай спячкі».

«Усё ўжо ажывае, вуліцы поўныя людзей, мы наведваем гандлёвыя цэнтры, крамы, забаўляльныя ўстановы. Спадзяёмся, што і цяпер гледачы пойдуць у тэатры, бібліятэкі. І мы забудзем пра гэтую сітуацыю, у якой знаходзіліся вясной», – лічыць міністр.

Леанід Судаленка: Дастаткова смелая заява, але я б сёння такімі словамі не кідаўся. Разумею, што ўсе стараюцца спяваць ва ўнісон з галоўным чыноўнікам, які сказаў, што перамога над каронавірусам ужо практычна атрымана. Раней ён казаў, што плато ўжо дасягнулі, затым ужо перамогу ледзь не святкуюць.

Я ўвогуле прапаную выдаць дэкрэт, які б адмяніў каронавірусную інфекцыю ў краіне. Але і я асабіста, і многія іншыя людзі ўжо не вераць ніводнаму слову гэтых чыноўнікаў. Я сам перахварэў на каронавірус і ведаю, як гэта ўсё адбываецца.

РР: Адным словам, не варта недаацэньваць сітуацыю?

Леанід Судаленка: Безумоўна. Увесь свет ужо другую хвалю каронавірусу чакае, пра гэта кажа і наш міністр аховы здароўя, а міністр культуры заклікае выходзіць з «пандэмічнай спячкі».

Гэта нейкі тэатр абсурду! Калі Лукашэнка заяўляе, што ледзь не ўвесь свет павінен пераймаць беларускі вопыт барацьбы з каронавірусам, то мне становіцца смешна. І я зразумеў, што чыноўнікі жывуць у сваім свеце, а людзі змагаюцца са сваімі праблемамі асобна. І жывуць сваім розумам, бо пандэмія паказала, як улады Беларусі хаваюць інфармацыю.

Лекар, якая прыходзіла да мяне дадому, прапісала мне лячэнне ад прастуды, хаця ў той час я ўжо быў хворы на каронавірус. А калі спытаў пра эпідэміялагічную сітуацыю ў горадзе, то так спалохалася, што аж загаварыла шэптам.

Як я разумею, лекары сталі закладнікамі сітуацыі. Чаму лекар не магла мне праўду сказаць? Увесь свет лічбы агучвае, а ў нас з гэтага зрабілі таямніцу. У ЗША медыцынская статыстыка – гэта, як франтавыя навіны. Людзі тысячамі гінуць ад каронавірусу. Але ж там гавораць праўду, а ў нас – цішыня і спакой. Як у 80-я гады пра Чарнобыль закрывалі інфармацыю, так і зараз маўчаць пра сапраўднае становішча спраў з пандэміяй.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя