Праціўнікам завода АКБ ізноў не дазволілі сабрацца ў цэнтры Берасця



Міліцыя 19 ліпеня чарговы раз не дазволіла праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода сабрацца на плошчы Леніна ў цэнтры горада.

Каля 12 гадзін праціўнікі завода пачалі прыходзіць на плошчу на традыцыйную сустрэчу. Яны збіраліся тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года. Аднак ужо пятую нядзелю запар міліцыя не дазволіла актывістам сабрацца. Пад пагрозай затрымання іх змушалі сыходзіць з плошчы, прапаноўваючы прайсці ў Брэсцкі гарвыканкам, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

На сустрэчу з праціўнікамі ў Брэсцкім гарвыканкаме прыйшлі адзін з новых уласнікаў акумулятарнага завода Дзмітрый Баскаў, а таксама галоўны інжынер ААТ „НПФ „Экалогія” Дзмітрый Гурыкаў. Гэтая фірма праводзіла карэкціроўку праектнай дакументацыі завода, калі той яшчэ належаў ТАА „АйПаўэр”. Мадэратарам сустрэчы быў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, праз 15 хвілін пасля пачатку сустрэчы большая частка тых, хто прыйшоў на яе, пакінулі залу, скандуючы „Не заводу!”. Гэта адбылося пасля таго, як адзін з лідараў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Дзмітрый Бекалюк заявіў, што такія сустрэчы павінны мець юрыдычнае значэнне, інакш гэта проста пустыя размовы. Ён прапанаваў абвясціць правядзенне грамадскіх абмеркаванняў новай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) прадпрыемства, Баскаў гэтую прапанову не падтрымаў.

На пытанні тых, хто застаўся на сустрэчы, адказвалі Гурыкаў і Баскаў.

„Праціўнікі завода не пагадзіліся з заявай Гурыкава пра тое, што праектная дакументацыя завода адпавядае заканадаўству. Актывісты казалі, што прадпрыемства будзе выкідваць значна больш, чым 17 кг свінцу штогод, якія заяўленыя ў праекце, — сказаў Кісляк. — Не былі згодныя праціўнікі завода з пазіцыяй Гурыкава ў тым, што няма неабходнасці ў распрацоўцы новай АУНА і яе абмеркавання, і што гэтае прадпрыемства правамерна размешчанае ў свабоднай эканамічнай зоне”.

Паводле слоў праваабаронцы, на аргументы праціўнікаў завода Баскаў заявіў, што ён спрабуе разабрацца, але пакуль толькі бачыць эмоцыі: „Я не хачу!”.

У канцы сустрэчы актывісты заявілі, што працягнуць змагацца за канчатковае закрыццё завода. Паводле слоў аднаго з іх, „Брэст будзе запаганены свінцом” за некалькі гадоў працы гэтага прадпрыемства. „Сённяшняя сустрэча паказала, што ўладальнікі завода і яго праекціроўшчык да гэтага не знялі шэраг пытанняў па бяспецы прадпрыемства. На некаторыя ў іх не было адказаў”, — заявіў праваабаронца.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня падчас сустрэчы з грамадскасцю Брэста, на якой прысутнічалі і праціўнікі прадпрыемства, паабяцаў правесці рэферэндум пра лёс завода. Яго плануецца арганізаваць пасля прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня.

Першае папярэдняе абмеркаванне арганізацыі рэферэндуму адбылося 28 чэрвеня. Прадстаўнікі грамадскасці сустрэліся са старшынёй Брэсцкага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком. 5 ліпеня аналагічная сустрэча адбылася з кіраўніцтвам Брэсцкага райвыканкама: старшынёй Уладзімірам Сенчуком і яго намеснікам Паўлам Валынцом. На гэтых сустрэчах людзі казалі, што яны за канчатковае закрыццё акумулятарнага завода, пабудаванага, на іх думку, з грубымі парушэннямі заканадаўства, а да рэферэндуму неабходна правесці грамадскія абмеркаванні новай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе гэтага прадпрыемства.

12 ліпеня ў Брэсцкім гарвыканкаме прайшла трэцяя сустрэча па арганізацыі мясцовага рэферэндуму. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі абласной улады: начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Каліноўскі і старшыня абласнога савета дэпутатаў Юрый Наркевіч. На сустрэчы абмяркоўвалі юрыдычныя аспекты рэферэндуму.

Завод узведзены на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. Тут планавалі наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 325 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек.

belapan.by