З друку выйшла кніга Вячаслава Шведа „Летапіс Гродна”
Кніга прафесара Вячаслава Шведа „Летапіс Гродна” выйшла з-пад варштата мясцовага выдавецтва „Літара”, якое раней называлася „ЮрсаПрынт”.
Гэта аўтарская кніга, якая ў святле апошніх доследаў дапаўняе і ўдакладняе звесткі пра Гародню ад 1005 па 1995 год. Кніга выйшла па-беларуску. Яна – лагічны працяг вывучэння Гародні, кажа аўтар.
– Кніга, якую я асабіста напісаў, – гэта аўтарская канцэпцыя бачання гісторыі Гародні. Тут у мяне ёсць новыя перыядызацыі. Кніга пачынаецца з 1005 года, а не з 1116. У кнізе ёсць фрагменты дакументаў, і чытач можа сам даведацца пра тое, што гэта не прыдуманае аўтарам, а ёсць у дакументах таго часу гісторыі Гародні.
Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў канцы жніўня з удзелам выдаўца і аўтара.
А пакуль яе можна набыць у выдавецтве на вуліцы Маркса. Нагадаем, што першая кніга Вячаслава Шведа ” Кронан – летапіс гораду на Нёмане” выйшла па-расейску ў суаўтарстве з Алесем Госцевым у 1993 годзе.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя