Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць у 34 раёнах Беларусі
Часовыя забароны і абмежаванні на наведванне лясоў на 19 ліпеня дзейнічаюць у 34 раёнах Беларусі. Гэтыя меры будуць знятыя пасля стабілізацыі пажаранебяспечнага становішча. Такая інфармацыя размешчаная на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.
Больш за ўсё тэрыторый, якія трапілі ў зону рызыкі ўзнікнення пажараў, у Менскай вобласці — 15 раёнаў. Гэта Вілейскі, Маладэчанскі, Менскі, Смалявіцкі, Крупскі, Бярэзінскі, Дзяржынскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Нясвіжскі, Клецкі, Слуцкі, Старадарожскі, Любанскі і Салігорскі раёны.
У Гарадзенскай вобласці абмежаванні дзейнічаюць у дзевяці раёнах: Гарадзенскім, Шчучынскім, Мастоўскім, Ваўкавыскім, Лідскім, Наваградскім, Астравецкім, Смаргонскім і Ашмянскім.
У Гомельскай вобласці некаторыя ўчасткі лесу нельга наведваць у дзесяці раёнах: Жыткавіцкім, Мазырскім, Нараўлянскім, Брагінскім, Рэчыцкім, Гомельскім, Добрушскім, Кастрычніцкім, Ельскім і Жлобінскім.
Рашэнні аб увядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Абмежаванні ўводзяцца ў выпадку высокага класа пажарнай небяспекі і здымаюцца пры стабілізацыі становішча. Галоўная мэта забаронаў — забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць іх маёмасці, а таксама ляснога фонду.
На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана Інтэрактыўная карта забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна ў аператыўным рэжыме адсачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы. Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках альбо забароны на іх наведванне без прычынення шкоды цягне згодна з арт. 15.29 КаАП папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь (1 б. в. — Br27).
У лясгасах налічваецца звыш 250 пажарна-хімічных станцый, больш за 660 пунктаў супрацьпажарнага інвентара, якія ўкамплектаваныя неабходнымі сродкамі пажаратушэння. Створана сетка з больш чым 650 пажарна-назіральных вышак і мачтаў, з якіх амаль 600 абсталяваны сродкамі відэаназірання за станам ляснога фонду.