Алег Краўчанка прызначаны паслом Беларусі ў ЗША



Аляксандр Лукашэнка прызначыў намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанку паслом Беларусі ў ЗША, паведаміў тэлеграм-канал „Пул Першага”.

Дыпмісія ЗША ў Беларусі дзейнічае без пасла з сакавіка 2008 года. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам здарыўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. На патрабаванне беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў максімальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.

4 сакавіка 2019 года Менск афіцыйна папярэдзіў Вашынгтон аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.

17 верасня намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйлі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў, што бакі прынялі рашэнне аднавіць дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.

20 красавіка 2020 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў намесніка памочніка дзяржсакратара па Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе Джулі Фішэр кандыдатам на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Беларусі. У пачатку мая Трамп ўнёс яе кандыдатуру на зацвярджэнне сената кангрэса ЗША.

Алег Краўчанка нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску. Скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1994), аспірантуру Інстытута філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1998). Кандыдат юрыдычных навук. У 1994—1999 гадах — аташэ, трэці сакратар службы дзяржаўнага пратакола, трэці сакратар, другі сакратар, начальнік аддзела дагаворна-прававога ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі. У 1999—2003 гадах — дарадца пасольства Беларусі ў Швецыі (Нарвегіі і Даніі па сумяшчальніцтве). У 2003—2007 гадах — дарадца, намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела ўпраўлення гуманітарнага супрацоўніцтва і правоў чалавека МЗС. У 2007—2008 гадах — дарадца пасольства Беларусі ў ЗША. У 2008—2014 гадах — часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША. У 2014—2017 гадах — намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела ЗША і Канады ўпраўлення Амерыкі, начальнік упраўлення Амерыкі МЗС. Са студзеня 2017 года — намеснік міністра замежных спраў Беларусі. Валодае англійскай мовай. Жанаты, у яго трое дзяцей.

belapan.by

Фота: tut.by