Суд пакінуў актывісту Ежы Грыгенчу 10 сутак арышту
У Гарадзенскім абласным судзе „адфутболілі” касацыйную скаргу актывіста АГП Ежы Грыгенчы.
Суддзя Валер Раманоўскі цягам 20-ці хвілін вырашыў пакінуць у „сіле” пастанову пра 10-суткававы арышт актывіста за „нібыта” удзел у акцыі „Ланцуг салідарнасці”. Сам актывіст лічыць гэтае рашэнне палітычным. Кажа Ежы Грыгенча:
– Што тут можна сказаць, чаго чакаў, тое і атрымаў. Ніхто яе адмяняць не будзе, бо яны хочуць мяне не дапусціць ні да назірання, ні да 9-га чысла, да выбараў.
Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч лічыць гэтую справу палітычнай:
– Мы маем справу з палітычным пераследам, пры тым, што і паказанні сведак былі супярэчлівыя, і пратакол складзены так, што пісьменней можа скласці яго школьнік. Альбо гэта ўжо такая сведамая неахайнасць, або папросту поўны здзек над сістэмай правасуддзя. Тое што адбываецца, як фабрыкуюцца гэтыя пратаколы, гэтыя фальшывыя адміністрацыйныя справы – канешне мы маем сітуацыю палітычнага пераследу актыўнага ўдзельніка выбарчай кампаніі, кампаніі назірання таксама. Яны хочуць пазбавіць мажлівасці быць на свабодзе і ўдзельнічаць у працэсе назірання на выбарах, удзельнічаць увогуле ў выбарчай кампаніі.
На суд падтрымаць актывіста прыйшлі журналісты і праваабаронцы, а таксама паўдзясятка амапаўцаў, якія на здымках увесь час хавалі свае твары.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча