Андрэй Фёдараў: Працяг канфлікту пасля саміта ў Менску быў прагназуемым
Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае, чаму пасля Менскага саміта ва Украіне працягваецца ваенны канфлікт.
Сітуацыя вакол украінскага Дэбальцава застаецца напружанай. Сёння ж Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці заявіў: «Мы прапанавалі ўкраінскаму і другому боку, уцягнутым у гэты канфлікт, што праблему Дэбальцава можна вырашыць цягам сутак, калі гэтага захочуць Украіна, Расія, ДНР і ЛНР… Мы гатовыя не проста быць пасярэднікам, а дастойна спыніць гэты канфлікт у раёне Дэбальцава і вывесці ўсіх вайскоўцаў Украіны адтуль пад нашы гарантыі, што яны больш ніколі ваяваць не будуць”.
Андрэй Фёдараў: Працяг канфлікту пасля саміта ў Менску быў прагназуемым, таму што пытанне Дэбальцава не было канчаткова вырашана. На момант перамоваў у сепаратыстаў пад Дэбальцава была перавага, таму відавочна, што яны і не збіраліся пакідаць сваіх пазіцый. А ўсе заявы, што Расея павінна ўгаворваць сепаратыстаў спыніць ваенння дзеянні, – гэта для наіўных людзей. Відавочна, што Масква цалкам падтрымлівае баевікоў.
РР: Якія станоўчыя моманты Менскага саміта можна ўбачыць сёння?
Андрэй Фёдараў: Усё ж-такі вайна сцішылася, і цяпер Дэбальцава – галоўнае месца напружанасці. Стала менш гінуць людзей – ужо добра. Гэта пазітыўная навіна.
РР: На ваш погляд, ці будзе працяг дыялогу, якія быў на Менскім саміце?
Андрэй Фёдараў: Мяркую, што будуць ісці нейкія тэлефонныя перамовы. Падобна на тое, што Дэбальцава застанецца за сепаратыстамі, хоць, думаю, ужо гэта – парушэнне Мінскіх пагадненняў. Але вось пытанне: што Україна можа зрабіць у такой сітуацыі? Гэта незразумела.
РР: Каму сёння невыгодны мір ва Украіне? Чаму пасля саміта вайна сцішылася, але не скончылася?
Андрэй Фёдараў: Сепаратыстам мір не патрэбен, бо яны згубяць уладу, а Расея, якая “курыруе” гэтае пытанне, згубіць Украіну. І не столькі згубіць, колькі страціць магчымасць аказваць уплыў на Украіну, каб цягнуць яе назад.
РР: Ці праўда, што пасля менскіх перамоваў больш у плюсе засталася Расея, чым Україна?
Андрэй Фёдараў: Я таксама так лічу, бо тыя пункты, якія былі прапісаны ў пагадненні, яны былі на карысць Крамля. Мяжа практычна не перакрывалася, ёсць іншыя сумніўныя моманты выканання пагадненняў. Як мы бачым, адвод войскаў у раёне Дэбальцава сепаратысты па сутнасці не выканалі. Адным словам, Расея атрымала практычна ўсё, што хацела.
РР: На ваш погляд, ці ёсць сёння нейкія рэальныя шляхі спынення вайны?
Андрэй Фёдараў: Баюся, што няма. Рэальны шлях можа быць толькі ў тым выпадку, калі міру захоча Масква. Але ёсць тое, што мы зараз бачым ва Украіне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя