ЕАБР прагназуе зніжэнне ў Беларусі стаўкі рэфінансавання да 7%



Сёлета стаўка рэфінансавання ў Беларусі можа знізіцца да 7% гадавых. Такі прагноз утрымліваецца ў інфармацыйна-аналітычным аглядзе, які падрыхтаваў Еўразійскі банк развіцця.

Аналітыкі банка звяртаюць увагу, што ў Беларусі ў сувязі са зніжэннем унутранага попыту пераважаюць дэзынфляцыйныя фактары і з улікам гэтага інфляцыя сёлета можа скласціся „паблізу 5%”.

У сувязі з гэтым аўтары агляду нагадваюць, што Нацбанк Беларусі ў пачатку ліпеня знізіў стаўку рэфінансавання на 0,25 працэнтнага пункта да 7,75% гадавых.

„Рэгулятар абгрунтоўвае такі крок больш хуткім, чым чакалася, запаволеннем інфляцыйных працэсаў у самой Беларусі і краінах — гандлёвых партнёрах, а таксама актыўным скарачэннем працэнтных ставак замежнымі цэнтральнымі банкамі”, — нагадваюць аналітыкі ЕАБР.

На іх думку, трэнд на зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў Беларусі працягнецца. „Пры перавазе дэзынфляцыйных рызык мы бачым патэнцыял далейшай карэкціроўкі стаўкі рэфінансавання, якая можа наблізіцца да 7% да канца года”, — зазначаюць аўтары агляду.

19 чэрвеня на нарадзе па пытаннях падтрымкі банкамі рэальнага сектара эканомікі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў жорсткую грашова-крэдытную палітыку Нацбанка і даручыў зніжаць стаўку рэфінансавання.

„Паглядзіце і па стаўцы рэфінансавання”, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні праўлення Нацбанка Паўла Калаура. Усе краіны, заявіў афіцыйны лідар, „актыўна зніжаюць” стаўку рэфінансавання, „спрабуючы ажывіць сваю эканоміку”.

„Індэкс спажывецкіх цэн у нас у параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, таму кошт банкаўскага крэдыту трэба памяншаць больш актыўна. Чакаю рашэнняў урада і Нацбанка, не зацягваючы, да канца чэрвеня”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Праз тры дні пасля гэтай нарады, 22 чэрвеня, Нацбанк правёў дадатковае пасяджэнне праўлення, якое прыняло рашэнне знізіць стаўку рэфінансавання з 1 ліпеня.

20 ліпеня, падчас прызначэнняў членаў праўлення Нацбанка, Аляксандр Лукашэнка даручыў рэгулятару працягваць змякчаць грашова-крэдытную палітыку. „Вы памятаеце, што я прасіў задаць устойлівы трэнд на змякчэнне фінансавай палітыкі і пастаянны рост крэдытавання эканомікі. Пры гэтым, вядома, будзем стрымліваць інфляцыю”, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва Нацбанка.

belapan.by