Таццяна Матафонава: У Турцыі вальней, але крыху



Сабор Святой Сафіі ў Стамбуле зноў стаў мячэццю. З 1934 года хрысціянскі храм меў статус музея. Пра тое, як такую навіну сустрэла турэцкае грамадства і чым жыве беларуская дыяспара ў краіне, распавядае госця „Рацыі” Таццяна Матафонава.

РР: Спадарыня Таццяна, легендарны Сафійскі сабор у Стамбуле, адкуль Вы нядаўна вярнуліся, зараз стаў мячэццю. Еўразвяз ужо выказаў сваю заклапочанасць далейшым захаваннем фрэсак і мазаікі ў храме. Наколькі рашэнне ўладаў аб змене статусу Сафійскага сабора адпавядала чаканням турэцкага грамадства? Ці былі праціўнікі гэтага?

– Мае сябры не хацелі гэтага. Яны распавядалі, што год таму Эрдаган казаў, што мы такога рашэння прыняць не можам, Сафія павінна заставацца музеем. Але, відаць, нешта змянілася ў такой сітуацыі, праз год-другі выбары, і, можа, яго рэйтынг падае. Вось так кажуць. Можа быць у сувязі з гэтым, каб да сябе ўвагу звярнуць, каб радыкальныя мусульманскія сілы звярнуць да сябе. Зрабіў гэты крок, зусім не чакалі ад яго, таму што год таму ён казаў адваротнае. А тут нечакана суд зацвердзіў, і ён хуценька зацвердзіў. І ўсё гэта адбылося менш чым за месяц. Я месяц у Стамбуле была, і вось літаральна за два тыдні гэтая тэма паднялася і зацвердзілася.

РР: Ці можа гэта быць звязана з тым, што Турцыя з’яўляецца кандыдатам у Еўрапейскі звяз ужо колькі дзясяткаў год? Ці можа гэта вызначаць новую пазіцыю Турцыі па тым, якое месца яна займае ў Еўропе ўвогуле? Якія там зараз пануюць настроі: праеўрапейскія ці ўсё ж такі турэцкія?

– Сябра жыве ў Стамбуле каля 40 гадоў, і сказаў, што 40-30 год таму там немажліва было ўбачыць жанчыну, вельмі рэдка, у хіджабе з пакрытай галавой, зараз гэта ледзь не 50 %. Сказаў, што за кіраванне цяперашняга прэзідэнта, там ён ужо 16 год, вельмі змяніліся погляды і змяніўся сам Стамбул. Раней ён быў вельмі еўрапейскі, а зараз 50% з пакрытымі галовамі.

Ёсць там партыя «Атацюрка» – тыя людзі, якія падтрымліваюць усе ідэі і новаўвядзенні ад «Атацюрка», яны і дагэтуль будуць супраць таго, што Сафійскі сабор робяць мячэццю. Але радыкальныя мусульмане кажуць, што гэта добра, будзе ў нас яшчэ адна мячэць. Хоць у Стамбуле на кожным кроку мячэць, вельмі блізка адна ад адной. Калі пачынаецца малітва, то ты ў адным месцы чуеш гук з 3-4 мячэцяў, яны даволі блізка адна ад адной.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з асабістай старонкі ў Facebook Таццяны Грыневіч