Паўло Зуб’юк: Дэбальцава – стратэгічна важны горад
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка тэрмінова вылецеў з Міжнароднага аэрапорта «Барыспаль» у зону правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе. Перад гэтым ён зрабіў заяву наконт сітуацыі ў Дэбальцаве.
18-га лютага стала вядома, што сілы АТА з баямі адступаюць з гэтага важнага транспартнага вузла.
Ці быў сэнс украінскаму войску бараніць Дэбальцава, ведаючы ўсе акалічнасці і падвод тэхнікі з боку сепаратыстаў? На гэтае пытанне адказвае ўкраінскі журналіст Паўло Зуб’юк:
– Дэбальцава – гэта вялікі чыгуначны вузел, гэта горад на аўтадарозе, якая спалучае Данецк з Луганскам. Са стратэгічнага пункту гледжання гэты горад быў вельмі важны для ўкраінскіх войскаў, ён фактычна расякае напалову гэтыя ДНР і ЛНР.
“Фактычна ўкраінскае кіраўніцтва лічыла да апошняга моманту, што Пуцін пасля 15 чысла не будзе стымуляваць актыўнасць баевікоў, аднак гэтага не адбылося”, – дадае Паўло Зуб’юк.
Ён таксама звяртае ўвагу, што з вуснаў дыпламатаў і на пасяджэннях Рады Еўропы загучала фраза “расейскае войска” замест прарасейскіх баевікоў або сепаратыстаў. “Гэта азначае далейшыя санкцыі і далейшую падтрымку Украіны, у тым ліку і зброяй”, – кажа журналіст.
Яна Запльская, Беларускае Радыё Рацыя