Гары Паганяйла: Прэсаваць будуць і акрэдытаваных журналістаў



Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла разважае, чаму падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі збіваюць журналістаў, якія афіцыйна працуюць.

Больш за 210 журналістаў падпісалі рэзкі зварот да ўладаў, у якім адзначаюць, што апошнія месяцы сталі перыядам вельмі жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да журналістаў незалежных выданняў у Беларусі. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 43 карэспандэнты дзясяткаў СМІ былі затрыманыя пры выкананні службовых абавязкаў.

Гары Паганяйла: Не выпадае здзіўляцца рэпрэсіям у дачыненні да прадстаўнікоў незалежных СМІ. Ідзе электаральная кампанія, якая паказвае сапраўдны рэйтынг гэтай улады. Таму, каб застацца пры ўладзе, робіцца ўсё, каб збіць хвалю пратэстаў і адбіць у журналістаў жаданне асвятляць тое, што адбываецца ў краіне.

Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца самыя брудныя сродкі – з прымяненнем жорсткай сілы ў дачыненні нават да акрэдытаваных журналістаў, якія працуюць у афіцыйна зарэгістраваных СМІ. Асвятляючы акцыі, яны знаходзяцца на працы гэтак жа, як і тыя ж міліцыянеры. У такіх выпадку і міліцыянерам трэба біць па галаве і ламаць ім насы за ўдзел у такіх мерапрыемствах.

РР: Ваш прагноз на бліжэйшую будучыню?

Гары Паганяйла: Мяркую, чым бліжэй будуць выбары, тым больш будуць узмацняцца рэпрэсіі. Прэсаваць будуць і неакрэдытаваных журналістаў, і акрэдытаваных. Не выключана, што некаторых могуць пазбавіць акрэдытацыі, і прадстаўнікі СМІ да ўсяго павінны быць падрыхтаваны.

Улада аганізуе і не можа вынайсці цывілізаваных сродкаў зносін і са сваім народам, і з журналістамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя