Вадзім Іосуб: Акцыянеры “Белгазпрамбанка” могуць запатрабаваць кампенсацыю



Старшы аналітык кампаніі “Альпары-Еўразія” Вадзім Іосуб распавядае пра стасункі Нацбанка і камерцыйных банкаў, а таксама пра магчымы лёс “Белгазпрамбанка”.

Днямі кіраўнік Беларусі даручыў Нацыянальнаму банку ўзмацніць нагляд за камерцыйнымі банкамі на фоне так званай «справы Белгазпрамбанка». Як будзе ажыццяўляцца гэты нагляд, і якія будуць наступствы для камерцыйных банкаў?

Вадзім Іосуб: Думаю, ніякіх наступстваў не будзе, таму што ў справе кантролю за камерцыйнымі банкамі ў Нацыянальнага банка ў галіне нагляду ўсё ў парадку. Шчыра кажучы, не ведаю, што можна прынцыпова ўзмацняць альбо паляпшаць.

Усе працуюць як звычайна, а вось заявы, якія ідуць вакол “Белгазпрамбанка”, – яны палітычна матываваныя. Інфармацыя, якую нам з гэтай нагоды выдае тэлебачанне, хутчэй падобная на дэзынфармацыю, ілгуць у адкрытую.

І паколькі спачатку нас спрабавалі пераканаць, што ў гэтым банку на самай справе нешта адбывалася крамольнае, то зараз ужо пераконваюць, што нехта за гэтым недаглядзеў. Але за гэтай рыторыкай вельмі мала праўды, таму наогул незразумела, як Нацбанк павінен узмацніць кантроль.

РР: Які лёс можа чакаць “Белгазпрамбанк”?

Вадзім Іосуб: У мяне пакуль няма версій з гэтай нагоды, хаця рана ці позна, але павінны адрэагаваць на гэты рэйдарскі захоп акцыянеры банка.

Не выключана, што ёсць нейкія палітычныя дамоўленасці з кіраўніцтвам Расеі не абвастраць гэтае пытанне да 9 жніўня.

Але невядома і тое, што будзе пасля гэтай даты. Па вялікім рахунку, расейскія акцыянеры павінны адстойваць свае правы і нейкім чынам патрабаваць кампенсацыі стратаў, якія яны панеслі. Пры гэтым кампенсацыю можна патрабаваць і ў беларускіх судах, і ў расейскіх, і нават у міжнародных.

Тэарэтычна можна меркаваць, што пасля 9 жніўня сыдзе часовая адміністрацыя “Белгазпрамбанка” і яго ізноў перададуць пад кантроль акцыянераў. Але насамрэч банк – гэта не будынак, а кліенты. І вялікая колькасць кліентаў ужо пакінула “Белгазпрамбанк” – і фізічныя асобы, і юрыдычныя. Таму нават, калі часовая адміністрацыя сыдзе, банк вернуць зусім не ў тым выглядзе, у якім ён быў раней.

Мяркую, рэакцыя акцыянераў у любым выпадку будзе. Яны маюць поўнае і маральнае, і юрыдычнае права патрабаваць кампенсацыі ад незразумелых дзеянняў беларускіх уладаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя