Мікалай Казлоў: Міліцыя выконвае карныя функцыі супраць уласнага народа
У інтэрв’ю газеце „СБ. Беларусь сегодня” прадстаўніца Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава сказала, што супрацоўнікам міліцыі спрабуюць усяліць няўпэўненасць у тым, што яны робяць. Яна заявіла, што выкарыстоўваюцца тэхналогіі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў Беларусі і абвінаваціла ў гэтым некаторыя інтэрнет-рэсурсы.
А вось па меркаванні кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былога падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, негатыўная рэакцыя грамадства на дзеянні міліцыі цалкам апраўданая:
– Міліцыя стала выконваць карныя функцыі супраць уласнага народа. Мы не павінны з гэтым мірыцца. І мы мірыцца не будзем. Я абсалютна ўпэўнены, што кожны адкажа за сваё. Увогуле, гэта сорамна, рабіць кар’еру і быць па-сабачы адданаму, каб пераступаючы закон, чыніць бязмежжа. Я разумею, чаго яны баяцца. Яны хочуць заўсёды быць ля карыта. Але нават ім павінна быць зразумела, – можна адкрыць Канстытуцыю, калі не зразумела, і пачытаць, што крыніцай улады з’яўляецца народ. І гэты народ хоча змяніць уладу. Гэта ягонае права.
Таму трэба рыхтаваца не да разгонаў, а проста правесці сумленныя выбары, – раіць Мікалай Казлоў:
– Рабіце сумленна і няхай пераможа, хто пераможа. Не станавіцеся на злачынны шлях. Гэта горш, чым красці. Горш, чым рабаваць. Вы забіраеце ў людзей будучыню. Вы забіраеце ў людзей уласную годнасць. Вы сваімі дубінамі хочаце ўласную годнасць чалавека проста перамалаціць. Але так не атрымаецца. Ні ў кога не атрымалася. І ў вас не атрымаецца.
Магчыма, сілавыя разгоны адтэрмінуюць адказнасць, якую прыйдзецца несці, але пазбегнуць яе дакладна не атрымаецца, – упэўнены Мікалай Казлоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск