У Менску праезд у трамваях можна аплаціць з дапамогай смартфона



Аплаціць праезд з дапамогай смартфона зараз можна ва ўсіх сталічных трамваях, паведаміла прэс-служба Мінгарвыканкама.

21 ліпеня ў менскіх трамваях пачала дзейнічаць сістэма TIX, якая дазваляе аплаціць праезд смартфонам.

Пасажыру неабходна спампаваць у GooglePlay або AppStore праграму TIX і прывязаць да яе сваю банкаўскую карту: Visa, MasterCard, „Белкарт”. Сэрвіс прапанаваны на рускай, беларускай, англійскай і польскай мовах.

Аплаціць праезд можна на прыпынку. У праграме адлюструюцца нумар маршруту і прапанова зрабіць аплату. Акрамя таго, у TIX можна набыць квіток, а затым у салоне транспартнага сродку выбраць кнопку „Аплаціць” насупраць патрэбнага нумара транспарту.

Як паведамлялася, з 4 траўня TIX працуе і на аўтобусных маршрутах № 1 і 100. Гэты спецыяльны сэрвіс укараняе „Беларусбанк”. На гэты момант праграма працуе для аплаты грамадскага транспарту і ў Берасці.

З 6 лютага ў Беларусі можна аплаціць праезд у грамадскім транспарце з дапамогай QR-кода праз мабільную праграму „Аплаці”. Сістэму распрацавала кампанія LWO разам з „Белінвестбанкам”.

Раней планавалася ўкараненне аплаты праезду банкаўскай карткай на ўсіх відах сталічнага транспарту, але з-за тэхнічных праблем праект адкладзены.

belapan.by