Пра абсурдныя прычыны для складання пратаколаў



На актывіста з Вілейкі Андрэя Кудзіка склалі пратакол за тое, што ён пад гучную музыку грукаў невядомым прадметам па накрыўцы рондаля. Уяўляеце?! Правапарушальнік які! І як ён толькі асмеліўся ў сябе ж дома грукаць невядомым прадметам пад гучную музыку. Калі б у нашай краіне ўсе былі такімі злачынцамі, то дзверы кватэр можна было б не зачыняць.

Галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ Вілейскага райвыканкама Людміла Станкевіч склала пратакол на Андрэя Кудзіка, што падчас маніторынгу сеці Інтэрнэт у месэнджары “Тэлеграм” на канале “Вілейка для жыцця” супрацоўнікі Вілейскага РАУС знайшлі відэаролік, у якім Андрэй Кудзік гучна грукаў невядомым прадметам па вечцы рондаля. Гэтым, на думку супрацоўніцы ЖКГ, ён парушыў артыкул 21.16 КаАП “Парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем”. Вось усё жыццё пражыла і толькі цяпер даведалася, што ў сваім жытле нельга грукаць невядомым прадметам па рондалі. Трэба было грукаць усё-такі вядомым прадметам. Тады б ЖКГ разам з РАУСам былі б спакойныя. А ўвогуле ў мяне, напрыклад, суседзі перыядычна штангі на падлогу кідаюць. А іншыя суседзі дык увогуле не толькі музыку гучна ўключаюць, але і спяваюць пад яе. Прычым яшчэ нават грамчэй за тую музыку. І ўсё ў парадку. Ніхто на іх пратаколы не складае. А пагрукаць малатком ці што-небудзь пачаць свідраваць дрылем у выходныя – дык гэта класіка жанру, з якой многія сутыкаюцца ў беларускіх шматпавярховіках. І ўсё ў парадку. Ніхто з ЖКГ нават не асмельваецца штрафаваць за парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем.

А ўвогуле па якіх толькі надуманных і абсурдных прычынах не затрымлівалі і не штрафавалі беларускіх актывістаў. Памятаеце, як у 2011 годзе ў Гародні аштрафавалі аднарукага інваліда за воплескі. Гэта нават мог адзін сведка пацвердзіць. Калі ў судзе бацька інваліда паспрабаваў патлумачыць, што адной рукой пляскаць у далоні не атрымаецца, суддзя ўсё роўна пастанавіла выплаціць штраф.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ