Алесь Мех: Ідзе змаганне маскоўскіх груповак



Грамадскі актывіст з Кобрыні распавёў, чаму лічыць мітынгі, якія ладзяць аб’яднаныя штабы Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай, “фальшывымі”.

Алесь Мех: Я не толькі мітынг, які праводзілі штабы Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы назваў фальшывым, але і іх ідэі.

Яшчэ напачатку траўня ўлады аб’явілі аб пачатку выбарчай кампаніі, калі пачалі кідаць людзей на “суткі”. Яны не дазволілі нацыянальна-патрыятычным сілам вылучыць свайго кандыдата і пачалі арыштоўваць усіх, хто прэтэндаваў на гэтую пасаду.

Тут адчувалася “рука Масквы”, хаця трэба разумець, што ўжо больш за 20 гадоў краіна знаходзіцца пад кантролем Крамля, які сёння  зацікаўлены, каб на пасадзе прэзідэнта застаўся чалавек з нізкім рэйтынгам. Але сітуацыю Масква ўсё роўна разгойдвае праз сваіх кандыдатаў.

РР: А чаму Вы лічыце, што ідэі жанчын, якія збіраюць шматтысячныя мітынгі, фальшывыя?

Алесь Мех: Падчас любой кампаніі (парламенцкай альбо прэзідэнцкай) павінна быць свая ідэалогія. Кампаніі на пустых месцах не будуюцца. Калі яны праводзяцца на пустым месцы, то я бачу нейкі аферызм у дзеяннях гэтых людзей.

Усе ж звярнулі ўвагу, што на гэтых самых шматтысячных мітынгах была поўная адсутнасць нацыянальнай сімволікі. І многія людзі гатовы галасаваць за каго заўгодна, каб толькі не за дзеючага кіраўніка Беларусі. Гэта і выкарыстоўваюць, ідзе змаганне маскоўскіх груповак. А людзей, якія прыйшлі змагацца за справядлівасць, проста выкарыстоўваюць у сваіх мэтах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя