Уладзімір Лабковіч: Выбары ў Беларусі згубілі апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі



Такое меркаванне выказаў каардынатар кампаніі па назіранні „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч у адказ на прынятае 22 ліпеня Цэнтрвыбаркамам рашэнне абмежаваць колькасць назіральнікаў на ўчастках.

Каментар праваабаронцы апублікаваны на сайце кампаніі, якую праводзяць ліквідаваны ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна” і рэспубліканскае грамадскае аб`яднанне „Беларускі Хельсінкскі камітэт”.

„Сённяшняе рашэнне ЦВК — гэта фактычна поўнае перакрэсліванне ўжо апошніх выбарчых працэдур у краіне, — лічыць Лабковіч. — Гэта пярэчыць прынцыпу галоснасці, які прадугледжаны артыкулам 13 Выбарчага кодэксу. Цяпер улады праводзяць выбары са сваімі выбарчымі камісіямі і сваімі назіральнікамі, пры такой структуры немагчыма наогул казаць ні пра якія стандарты свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў”.

„Прыкра, што [старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія] Ярмошына прыкрываецца інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя, быццам бы дбаючы пра здароўе людзей, але ў іншым яна не хітрыць, бо ўсе яны баяцца маральнага націску на членаў участковых выбарчых камісій. Цяжка фальсіфікаваць выбары, калі за табой сочыць столькі шмат людзей. Гэта адказ на тую актыўнасць грамадства і жаданне назіраць за выбарамі. Улады баяцца любой грамадскай актыўнасці і адказваюць на гэта сваімі звыклымі метадамі”, — дадаў праваабаронца.

Такім чынам, паводле слоў Лабковіча, прэзідэнцкія выбары „фактычна згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спецаперацыі па захаванні статус-кво ў краіне”.

На пасяджэнні 22 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыняла пастанову, згодна з якой колькасць назіральнікаў на выбарчых участках у асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта не павінна перавышаць пяці чалавек, пры датэрміновым — не больш за тры.

Прапанову аб абмежаванні колькасці назіральнікаў унесла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, патлумачыўшы неабходнасць такіх мер эпідэміялагічнай сітуацыяй.

belapan.by