У Варшаве адбылося юбілейнае паседжанне па справах меншасцяў (абноўлена)
Сёлета спаўняецца 10 гадоў з дня падпісання Прэзідэнтам Польшчы Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях, ды рэгіянальных мовах. Гэты закон патрэбны і працуе, але не без хібаў. Закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды рэгіянальнай мове ў сіле ўжо дзесяць гадоў, але столькі ж часу ён распрацоўваўся, кажа Яўген Вапа – старшыня Беларускага саюза ў Польшчы:
– Гэта быў адзін з апошніх законаў, які найдаўжэй прымаўся ў польскім парламенце. Ён дае права і магчымасць адклікацца да нечага. Бо кожная ўлада любіць законы, статуты.
Ежы Штэліга – былы дэпутат і намеснік старшыні Камісіі нацыянальных і этнічных меншасцяў:
– Мы тады перадусім рэалізавалі Канстытуцыю. Але стараліся зрабіць усё, каб была афіцыйная сістэмная аснова для таго, каб адзін пазнаваў другога, каб не было паўтарэння з ІІ Рэчы Паспалітай, каб дзеці на вуліцы не баяліся размаўляць на роднай мове. Трэба было змяніць і ментальнасць палітыкаў. Праўда, тут няшмат змянілася: фобіі, стымуляванне настрояў, якія скіраваны супраць меншасцяў, надалей маюць месца ў палітыцы.
Рафал Бартэк – прадстаўнік нямецкай нацыянальнай меншасці:
– Выхад закона паказаў людзям, што ў Польшчы жывуць меншасці. Другая рэч палягае на тым, што рэалізацыя асноў гэтага закона (напрыклад, тыя ж двухмоўныя шыльды) далі магчымасць пачаць фынкцыянаваць гэтай частцы грамадства.
18 лютага ў сойме РП прайшло паседжанне супольнай камісіі ўраду і нацыянальных меншасцяў, прымеркаванае да 10-га юбілею закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды рэгіянальнай мове.
* * *
У польскім Сойме сустрэлася супольная камісія ўраду ды нацыянальных і этнічных меньшасцяў, каб адзначыць юбілей.
Які менавіта, з Варшавы паведамляе наш карэспандэнт Радэк Дамброўскі:
– Сёлета спаўняецца 10 гадоў з дня падпісання Прэзідэнтам Польшчы Закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях, ды рэгіянальных мовах. Адбылося гэта 24 студзеня 2005-га году. І была гэта пастанова польскага парламенту, якая распрацоўвалася самы доўгі час у гісторыі Сойму. Выклікала таксама шмат непаразуменняў сярод дэпутатаў, якія да сёння, пасля 10-ці гадоў, не знайшлі апраўдання. Напрыклад, гаварылася, што Закон пагражае суверэнітэту Польшчы ці нават сапхне грамадзян польскай нацыянальнасці да ролі меншасці, што сёння можна лічыць абсурдам.
– Самае важнае, што сталася з прыняццём Закону, гэта свядомасць польскага грамадства аб існаванні нацыянальных меншасцяў у Польшчы, – гаварыў Рафал Бартэк, сустаршыня камісіі ад нямецкай нацыянальнай меншасці.
– Закон даў магчымасць меншасцям паклікацца на юрыдычны дакумент, на які абапіраецца функцыянаванне дзяржавы. Гэта справа асветы і прыняццё стратэгіі развіцця асветы беларускай меншасці і змены ў выбарчым заканадаўстве, якія ўлічваюць правы і патрэбы меншасцяў. Як прыклад – змена выбарчых акругаў Падляшскага ваяводства ў апошніх самаўрадавых выбарах, – лічыць самым важным Яўген Вапа, старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы.
На паседжанні падводзіліся вынікі працы камісіі, а паколькі гэта юбілейнае паседжанне, то ніякіх канкрэтных рашэнняў не прымалася.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя