З кім будзе гуляць зборная Беларусі па гандболе на ЧС?



Зборная Беларусі па гандболе трапіць у другі кошык пры лёсаванні групавога раўнда чэмпіянату свету.

Мужчынская зборная Беларусі трапіць у другі кошык пры лёсаванні групавога раўнда чэмпіянату свету-2021, які пройдзе ў студзені ў Егіпце.

Беларусь трапіла ў адзін кошык са зборнымі Егіпта, Аргенціны, Аўстрыі, Вугоршчыны, Туніса, Алжыра і Катара. На сёння вядомыя 30 удзельнікаў, яшчэ дзве каманды павінны дэлегаваць краіны Паўночнай Амерыкі і Карыбскага басейна, а таксама Паўднёвая Амерыка.

Лёсаванне пройдзе 5 верасня.

ЦСКА пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі заняў 4-е месца ў чэмпіянаце Расеі і не трапіў у Лігу чэмпіёнаў

Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі занялі чацвёртае месца ў чэмпіянаце Расеі. У хатнім паядынку апошняга тура расейскага першынства армейцы перамаглі гасцей з „Тамбова”, забіўшы па мячу ў кожным тайме. На 26-й хвіліне гульні Георгій Шчэннікаў адкрыў лік, а на 78-й хвіліне Іван Аблякоў забіў другі мяч – 2:0. Беларускі нападнік ЦСКА Ілля Шкурын выйшаў на замену на 64-й хвіліне матчу. Такім чынам, падначаленыя Віктара Ганчарэнкі атрымалі права згуляць у кваліфікацыі Лігі Еўропы. Там жа выступяць і футбалісты „Растова”, якія саступілі на сваёй арэне 1:2 чэмпіёну краіны піцерскаму „Зеніту”, які будзе гуляць у групавым этапе галоўнага клубнага турніру Старога Свету – Лізе чэмпіёнаў. Там жа згуляе і маскоўскі „Лакаматыў”, які адолеў у Екацярынбургу мясцовы „Урал” з лікам 1:0. Беларускі абаронца ўральцаў Мікалай Золатаў не выходзіў на поле.

„Манчэстар Юнайтэд” не змог адолець „Вэст Хэм”

«Манчэстар Юнайтэд» не справіўся дома з камандай свайго былога галоўнага трэнера Дэвіда Моеса 1:1. У гаспадароў адзіны гол забіў Мэйсан Грынвуд. Нягледзячы на страту ачкоў, манчэстарцы перад апошнім турам падняліся ў зону Лігі чэмпіёнаў.

Футбалісткі „Дынама-БДУФК” перамаглі „Менск”

Футбалісткі сталічнага „Дынама-БДУФК” перамаглі „Менск” з лікам 1:0 у цэнтральным паядынку 11-га тура жаночага чэмпіянату Беларусі. Сустрэча галоўных фаварытаў турніру атрымалася вельмі напружанай і баявой. У першай палове гульні лік не быў адкрыты, а лёс паядынку вырашыў гол Анастасіі Лінік у сярэдзіне другога тайма, якая пасля нерэалізаванага пенальці ўсё ж здолела дабіць мяч у сетку. Дынамаўская дружына святкавала сваю 11-ю вікторыю запар і адарвалася ад „Менска” ужо на шэсць балаў. Таксама гарадзенскі „Нёман” перамог на сваім полі магілёўскі „Днепр” з лікам 3:1.

Прызавы фонд чэмпіяната Беларусі па лёгкай атлетыцы складзе 40 тысяч рублёў і бонусы

Прызавы фонд чэмпіяната Беларусі па лёгкай атлетыцы, які пройдзе з 31 ліпеня па 2 жніўня на стадыёне „Дынама” у Менску, складзе 40 тысяч рублёў. У гэтую суму не ўваходзяць бонусы за рэкорды і вынікі на ўзроўні Алімпіяды-2016 у Рыа. Кожнаму лёгкаатлету, які заняў першае месца ў асабістым відзе праграмы федэрацыя папоўніць бюджэт на 350 беларускіх рублёў, уладальніку сярэбранага медаля – на 230 беларускіх рублёў, а бронзавы медаліст – на 120. Пераможцы і прызёры эстафетнага бегу падзеляць выйгрыш пароўну, а прызавыя сумы ў дадзеным відзе праграмы выглядаюць наступным чынам: першае месца – 500 беларускіх рублёў, другое месца – 300, трэцяе месца – 200.

Па выніках спаборніцтваў традыцыйна будуць вызначаныя лепшыя спартоўцы чэмпіянату: 3 жанчыны і 3 мужчыны, для якіх Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі заснавала спецыяльныя прызы: кожны з іх атрымае грашовы бонус у памеры 1 000 беларускіх рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя