Зварот Рады беларускай інтэлігенцыі ў сувязі з прэзідэнцкай кампаніяй



Рада беларускай інтэлігенцыі ў сваім звароце патрабуе спыніць выбары і правесці новыя праз тры месяцы. Апублікаваны зварот каментуе старшыня Рады, заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас:

– Гэта было б лепшым выйсцем, і гэта пазбавіла б, безумоўна, трагічных наступстваў. Таму што, накал апазіцыйных настрояў небывалы проста. Але мы не думаем, што мільёны выйдуць на вуліцы. А тыя, хто выйдуць, да іх будуць прымацца вельмі-вельмі жорсткія захады. Бо ўлады сапраўды напалоханыя. І вось гэтая напалоханасць, гэта гістэрыка можа прывесці да вельмі трагічных наступстваў.

Калі выбарчую кампанію ўсё ж ня спыняць, Уладзімір Колас прапануе адмысловую форму актыўнага байкоту.

– Прыходзіць да ўчасткаў у дзень выбараў, але не заходзіць туды, пакуль там не будзе наладжаны нармальны, прынамсі, хаця б падлік галасоў. Хаця ўжо гэтыя выбары не могуць быць прызнаныя, таму што шмат парушэнняў ужо было зроблена.

Таксама ў сваім звароце «Рада беларускай інтэлігенцыі» канстатуе, што «гэтым разам на першы план выйшлі тыя, хто ігнаруе беларускую мову ў сваіх выбарчых кампаніях».

* * * 

Зварот Грамадзянскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі” у сувязі з прэзідэнцкай кампаніяй 2020г.

Прэзідэнцкая кампанія 2020г. зноў выявіла схільнасць першай асобы ў краіне  ставіцца да сваіх апанентаў як да асабістых ворагаў і ўжываць супраць іх дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, судовую сістэму і сілавыя структуры. Такія захады лічацца незаконнымі згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнароднага права, і трактуюцца як узурпацыя ўлады.

У адрозненне ад папярэдніх кампаній, калі асноўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва былі тыя, хто разумеў важнасць нацыянальных каштоўнасцяў для захавання незалежнасці і існавання беларусаў як самабытнага еўрапейскага народа, гэтым  разам на першы план выйшлі тыя, хто ігнаруе беларускую мову ў сваіх выбарчых кампаніях. Сумна і тое, што даволі вялікая колькасць грамадзян Беларусі, якія выступаюць за дэмакратычныя перамены, не звяртае ўвагі на гэтую акалічнасць. Неабходна адзначыць, што да такога стану беларускае грамадства прывяла палітыка выціскання беларускай мовы з сістэмы адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, афіцыйных структур і іншых сфераў жыцця, якая паслядоўна праводзіцца цяперашняй уладай.

Першая асоба краіны скардзіцца на ўмяшальніцтва ў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі “лялькаводаў з Усходу”, але менавіта гэтая асоба мусіць узяць на сябе галоўную адказнасць за цяперашнюю ступень палітычнай і эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі, якая сёння наўпрост пагражае стратай суверэнітэту.

Гэтая прэзідэнцкая кампанія характэрызуецца пашырэннем пратэстных настрояў. У сувязі са звыклай практыкай фальсіфікацыі вынікаў галасавання і ўжывання рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да тых, хто супраць гэтага пратэстуе, гэта можа прывесці да вельмі трагічных наступстваў. Каб прадухіліць небяспечнае разгортванне падзей і вярнуць сітуацыю ў нармальнае легітымнае рэчышча, мы патрабуем спыніць цяперашнюю выбарчую кампанію, вызваліць усіх незаконна затрыманых грамадзян, і правесці выбары ў адпаведнасці з заканадаўствам і дэмакратычнымі нормамі праз 3 месяцы.

Заклікаем усіх кандыдатаў на прэзідэнцтва і ўсіх грамадзян Беларусі падтрымаць нашае патрабаванне!

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Новы Час