Лукашэнка рэзка выказаўся пра BBC,«Камсамольскую праўду» і «Свабоду»



Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны запатрабаваў пазбавіць акрэдытацыі замежныя СМІ, якія не выконваюць беларускае заканадаўства.

Паводле яго слоў, „не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі”. „Выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашы законы і клічуць людзей на майданы”, — заявіў Лукашэнка (відэа з нарады размясціў тэлеграм-канал „Пул Першага”).

Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў выконваць свае абавязкі, а не чакаць указанняў. „Слухайце, мы гаспадары ў гэтай краіне. Выконвайце свае абавязкі. Не здольныя — скажыце, што вы не здольныя. Будуць іншыя гэтым займацца”, — заявіў афіцыйны лідар.

„Ды і ва ўрадзе ў нас, Міністэрстве замежных спраў усе сядзяць, чакаюць каманды прэзідэнта. Што гэта за стаўленне да краіны? BBC, „Свабода”, „Свабодная Еўропа” і гэтак далей, стрымы гэтыя… Я ўжо не кажу пра тэндэнцыёз, яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў. Чаму вы гэта церпіце? Вы ж іх акрэдытавалі тут”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

„Паўтараць больш не буду, нягледзячы на тое што мы ўвайшлі ў гэты складаны электаральны перыяд. Гэта ж не справа — абраза за абразай. Няхай мяне там выпацкалі ўздоўж і папярок. Ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшыняў участковых камісій. А ў іх жа сем’і, дзеці”, — адзначыў Лукашэнка.

„Вядома, мяне здзіўляе апошнім часам праца Адміністрацыі прэзідэнта, прэс-сакратара, ды, думаю, і Наталля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — БелаПАН.) магла б на гэта больш пільна паглядзець”, — сказаў Лукашэнка.

„У нас ужо дастукаліся — мы ўсё інтэрнэт ды інтэрнэт. Паглядзіце на папяровыя СМІ. Я сёння ўзяў усе газеты, паглядзеў на так званую „Комсомольскую правду” в Беларуси”. Ужо хутка ў жаўцізну ператворыцца. Бачыце, кіраўнік іх, седзячы ў Маскве, не тое ў Крамлі, выступіў з заявай, і пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Няхай паедуць у поле, дзе сёння ідзе сапраўды бітва, барацьба за ўраджай. Надзвычайны ўраджай на палях сёння стаіць. Зніміце, раскажыце, сфатаграфуйце камбайнера-тысячніка. У нас ужо за тры дні тысячнікі з’явіліся. Раскажыце аб гэтых простых людзях-рабацягах, якія кормяць краіну. Усе ж заўтра пабягуць у крамы, гэтыя пісакі, каб купіць кавалак хлеба сабе, родным, блізкім, дзецям”.

Як паведамлялася, 19 чэрвеня, у апошні дзень кампаніі па зборы подпісаў, карэспандэнты „Радыё Свабода” Аляксандра Дынько і Андрэй Рабчык былі затрыманыя людзьмі ў цывільным падчас прамой трансляцыі з цэнтра Мінска і дастаўленыя ў аддзяленне на міліцэйскай машыне. 25 чэрвеня Ігар Лосік, вядомы блогер і былы ўдзельнік стыпендыяльнай праграмы імя Вацлава Гавала, быў арыштаваны і абвінавачаны ў выкарыстанні канала Telegram для „падрыхтоўкі да парушэння грамадскага парадку”. Лосік, які таксама з’яўляецца кансультантам „Радыё Свабода” ў сацыяльных сетках, утрымліваецца ў следчым ізалятары ў Мінску.

На мінулым тыдні кіраўніцтва „Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” (RFE/RL) выступіла з заявай. Як лічыць выканаўца абавязкаў прэзідэнта RFE/RL Дэйзі Сіндэлар, перад прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня беларускія ўлады спрабуюць спыніць вяшчанне „Радыё Свабода” і перашкодзіць гледачам атрымаць доступ да надзейных навін. У заяве гаворыцца, што напярэдадні выбараў улады краіны затрымалі сотні актывістаў і журналістаў, у тым ліку пяць супрацоўнікаў беларускай службы „Радыё Свабода”.

belapan.by

Фота: РИА Новости