Затрыманыя актывісты апазіцыі і журналісты „Белсату”



 У Барысаве перад пачаткам агітацыйнага пікету Святланы Ціханоўскай затрыманыя актывісты апазіцыі.

Паводле звестак праваабарончага сайта spring96.org, затрыманыя актывісты незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і ініцыятывы „Еўрапейская Беларусь” Вольга Нікалайчык, Алена Філатава, Андрэй Кірэеў, Андрэй Войніч. Праваабаронцы не выключаюць, што затрыманых больш, зараз гэтая інфармацыя высвятляецца.

Па дарозе ў Барысаў супрацоўнікі ДАІ спынялі тры машыны, на якіх ехалі Святлана Ціханоўская, а таксама прадстаўніцы штабоў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала. Пра гэта паведаміла ў „Фэйсбуку” прадстаўніца штаба Ціханоўскай Вольга Кавалькова, якая іх суправаджае. Пасля праверкі дакументаў машынам дазволілі ехаць далей.

Паводле інфармацыі тэлеканала „Белсат”, у Смалявічах была затрыманая іх здымачная група — журналістка Алена Шчарбінская і аператар Віталь Дубік. Шчарбінскую неўзабаве адпусцілі, Дубік пакуль знаходзіцца ў міліцыі. Затрыманне здымачнай групы патлумачылі неабходнасцю праверкі іх аўтамабіля, які нібыта падобны на машыну, што ўчыніла ДТЗ.

У Менску падчас запісу каментара затрыманыя карэспандэнт „Белсата” Арцём Лява і эканаміст Сяргей Чалы. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, іх даставілі ва УУС Маскоўскага раёна.

belapan.by