Смерць Караткевіча і Беларусь



25 ліпеня 1984 года памёр Уладзімір Караткевіч.

Смерць, як і жыццё натхніла маладых людзей на пошукі Беларусі.

У 2008 годзе ў Вільні Сяржук Вітушка, кіраўнік „Талакі”, распавёў мне:

„У мяне ёсьць дакладны дзень і гадзіна, калі я вырашыў, што павінен сьвядома гаварыць па-беларуску і рабіць штосьці для Беларусі. Гэта дзень, калі памёр Уладзімір Караткевіч.

Чамусьці ў той дзень, калі паміраў Караткевіч, нешта на мяне найшло… Я прыйшоў з работы, а працаваў я тады на заводзе “Інтэграл”, прыйшоў дадому і захацелася мне нешта прачытаць…

Я ўзяў кніжку Караткевіча. “Ладдзя роспачы” прачытаў і быў пад уражаньнем, а назаўтра выпадкова сустрэў сваю школьную настаўніцу, а ўжо два гады прайшло, як я школу закончыў. Мы пагаварылі і яна мне сказала: “А ты ведаеш – памёр Караткевіч?” Зноў жа: чаму яна палічыла, што мне трэба гэта ведаць, што мне гэта важна?

Я не паверыў, я паляцеў, купіў “Вячэрні Мінск”, і там быў некралог, партрэт яго…

І ў той вечар я пад уражаньнем прачытанай учора “Ладдзі роспачы” і навіны прыняў рашэньне: вось чалавек жыцьцё аддаў за беларушчыну, а я…

Чамусьці мне тады было зразумела, што Караткевіч ня проста памёр, што чалавек згарэў за беларушчыну змагаючыся. Я падумаў: “А што ж я? Як жа мне ня сорамна! Я павінен гаварыць па-беларуску! Я павінен паўсюль гаварыць па-беларуску!”

Беларускае Радыё РАЦЫЯ