Запушчаны анлайн-праект „Голас” па абароне галасоў выбаршчыкаў



На агітацыйным мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай 23 ліпеня ў Барысаве было абвешчана пра запуск анлайн-праекта „Голас”, мэта якога — абараніць галасы выбаршчыкаў.

На сайце праекта падкрэсліваецца, што ён „не замяняе сабой галасаванне і не з’яўляецца экзіт-полам. Выбаршчыкі самі паведамляюць пра свой выбар”. „Мы хочам пераканацца ў сумленным падліку галасоў і выкарыстоўваць для гэтага тэхналогіі. Хто б ні перамог, мы хочам, каб гэта было сумленна”, — адзначаюць распрацоўшчыкі.

Выбаршчыкам прапанаваны пакрокавы план дзеянняў: „Пераходзьце ў чат з ботам у Telegram або Viber і выбірайце, як будзеце галасаваць. Бот прапануе абраць ваш участак. У дзень галасавання зрабіце фота бюлетэня з выбарам і адпраўце ў чат з ботам (гэта можна зрабіць і пасля 9 жніўня). Сістэма падлічыць вынікі па кожным участку. Яны будуць апублікаваныя пасля афіцыйных вынікаў выбараў. Кожны зможа пералічыць галасы па любым участку. Каб адправіць фота бюлетэня, неабходныя Viber або Telegram, прывязаныя да нумара беларускага аператара. Пераходзьце цяпер”.

„Мы хочам атрымаць аб’ектыўную інфармацыю пра самую важную падзею ў краіне — выбары прэзідэнта. Мы хочам даць кожнаму магчымасць пералічыць галасы па фота на кожным участку. Мы хочам пераканацца ў сумленным падліку галасоў і выкарыстоўваць для гэтага тэхналогіі. Хто б ні перамог, мы хочам, каб гэта было сумленна”, — заяўляюць распрацоўшчыкі праекта „Голас”.

Яны таксама адзначаюць, што „галасы за ўсіх кандыдатаў будуць апублікаваныя, і любы зможа іх пералічыць”.

Падкрэсліваецца, што гэтая сістэма „законная і бяспечная”, бо не патрабуе ад выбаршчыка паведамляць пашпартныя звесткі — толькі нумар тэлефона і фота бюлетэня. „Мы шыфруем дадзеныя. Таямніца галасавання не парушаецца”, — гаворыцца на сайце праекта.

Прапановы анлайн-платформы „Голас” былі распрацаваныя па выніках IT-форуму, які прайшоў у Мінску ў мінулыя выхадныя. Заяўкі на ўдзел у ім падалі каля 400 чалавек — праграмісты, дызайнеры, маркетолагі, удзельнікі розных ініцыятыў і проста неабыякавыя людзі. Форум доўжыўся 21 гадзіну.

„Гэта не апошнія выбары, — адзначалі арганізатары IT-форуму, — так што ўсе нашы напрацоўкі дапамогуць у правядзенні дыстанцыйных выбараў у будучыні. Бо мы створым інструменты, якія ў комплексе будуць вырашаць праблемы бяспекі для здароўя ўдзельнікаў выбарчага працэсу, яго кошту, хуткасці і легітымнасці. Пандэмія паказала неабходнасць рэформаў традыцыйнага інстытута выбараў. Калі мы зможам пабудаваць анлайн-падлік галасоў у Беларусі, то наша рашэнне можна будзе прымяніць і за яе межамі”.

belapan.by