Сімвалічнае вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты



Аб’яднаная грамадзянская партыя пачала фармаванне ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года палітвязня Мікалая Статкевіча, паведаміў лідар партыі Анатоль Лябедзька на прэс-канферэнцыі ў Менску. АГП сімвалічна вылучае ў прэзідэнты палітвязня.

Палітык адзначыў, што будзе створана „хутчэй група салідарнасці з палітвязнямі, так як да збору подпісаў за вылучэнне справа, мабыць, не дойдзе”. У сваю чаргу  жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч па-ранейшаму прытрымліваецца меркавання, што акрамя Статкевіча вылучаць няма каго,  апазіцыя не здольная змагацца за ўладу.

–  Розныя могуць быць меркаванні, розныя падыходы. У кожнага можа быць сваё бачанне гэтай працэдуры, гэтага працэсу. Але ў мяне, на жаль, невялікія на сённяшні дзень спадзяванні, што нехта здольны і хоча змагацца, калі не за перамогу, то хоць за выяўленне сапраўднай сутнасці рэжыму.

Мікола Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота humanrightshouse.org