Кіраўнік латвійскай дыпламатыі з візітам у Беларусі



19 лютага ў Менск з двухдзённым працоўным візітам прыбывае міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

latvijos-uzsienio-reikalu-ministras-edgaras-rinkevicius-60344397

Латвія цягам першай паловы гэтага года старшынюе ў Радзе Еўразвязу. І менавіта ў латвійскай сталіцы 21–22 траўня адбудзецца чарговы саміт «Усходняга партнёрства».

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што гэта адзін з шэрагу рабочых візітаў кіраўніка латвійскай дыпламатыі ў краіны, запрошаныя да “Усходняга партнёрства”.

–  Вось нібы чарга дайшла і да Беларусі. Таму я нейкіх асаблівых высноў з гэтага візіту не рабіў бы. Ён проста дзяжурны, у межах праграмы старшынства Латвіі. А што тычыцца з’яўлення Лукашэнкі на Рыжскім саміце, то пакуль гэтае пытанне абмяркоўваецца. І даваць нейкія прагнозы я б не спяшаўся.

Ранейшыя тры саміты праходзілі ў Празе, Варшаве і Вільні. На ніводным не прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка. Не выключана, што на сустрэчу ў Рызе кіраўнік Беларусі можа трапіць, паколькі латвійскі бок хацеў бы бачыць прадстаўніцтва Беларусі на гэтым форуме «на, магчыма, самым высокім узроўні».

Пра гэта заявіў 21 студзеня на прэсавай канферэнцыі ў Менску генеральны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс, чый прыезд у Менск папярэднічаў візыту кіраўніка латвійскай дыпламатыі.

На афіцыйным сайце МЗС Беларусі чытаем, што ў міністра замежных спраў Латвіі запланаваны «шэраг афіцыйных сустрэч, у рамках якіх мяркуецца прадметнае абмеркаванне пытанняў развіцця беларуска-латвійскай супрацы і ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам, з улікам старшынства Латвіі ў Радзе ЕЗ у першай палове 2015 года».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ru.delfi.lt