„Славія” выратавала нічыю ў матчы з „Рухам”
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі стартавыя матчы 19-га тура. У першым з іх дэбютант элітнага дывізіёна „Рух” прымаў у Берасці мазырскую „Славію” і згуляў унічыю – 3:3. Гаспадары двойчы вялі ў ліку з перавагай у два мяча, але ў выніку не ўтрымалі перамогу, прапусціўшы трэці мяч на пятай кампенсаванай хвіліне другога тайма. У другім матчы «Віцебск» даволі лёгка здабыў ўпэўненую перамогу над „Слуцкам”. Дублем адзначыўся Дыега Сантас. Каманда Сяргея Ясінскага найменьш на некалькі дзён узляцела на чацвёртае месца.
„Краковія” у фінале абыграла „Лехію”
У фінале Кубка Польшчы „Краковія” выйграла ў гданьскай „Лехіі” – 3:2. На 117 хвіліне перамогу сваёй камандзе прынёс Матэуш Вдовяк. Для „Краковіі” гэты трафей стаў першым за 72 гады.
У матчы фіналу Кубка Францыі „Пары Сэн-Жэрмэн” мінімальна адолеў „Сэнт-Эцьен” 1:0. Аўтарам адзінага гола стаў нападнік „ПСЖ” Неймар. „ПСЖ” стаў уладальнікам Кубка Францыі ў 13-ы раз.
„Рытм” зраўняў лік у фінальнай серыі супраць „Менска”
Спартоўкі „Рытма” зраўнялі лік у фінальнай серыі з хакейным клубам „Менск” за золата чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве. Другі матч серыі завяршыўся перамогай гарадзенак з лікам 3:0. На 7-й хвіліне лік адкрыла Лізавета Скурат. Праз 11 хвілін гарадзенская дружына выкарыстала штрафны кутавы ўдар – вызначылася Дар’я Белавусава. А на 45-й хвіліне матчу Святлана Багушэвіч давяла лік да буйнога. Такім чынам, лік у серыі стаў 1:1. Наступны матч адбудзецца ў Гародні 27 ліпеня.
Беларускія валейбалісткі даведаліся суперніц па групавым раўндзе маладзёжнага Еўра
Беларускія валейбалісткі даведаліся сваіх суперніц па групавым раўндзе маладзёжнага чэмпіянату Еўропы 2020 года. Падначаленыя Вольгі Пальчэўскай трапілі ў першую групу, дзе іх суперніцамі стануць валейбалісткі з дружын Босніі і Герцагавіны, Італіі, Сербіі, Славакіі і Польшчы. У другой групе згуляюць моладзевыя каманды Харватыі, Расеі, Турцыі, Нямеччыны, Балгарыі і Францыі. Фінальны раунд моладзевага першынства Еўропы сярод спартовак, якія не дасягнулі 19 гадоў, адбудзецца ў Босніі і Герцагавіне ды Харватыі з 22 па 30 жніўня.
Недасекаў мае намер узяць вышыню каля 2,3 м
На чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы, які пройдзе з 31 ліпеня па 2 жніўня ў Менску, Максім Недасекаў мае намер заваяваць вышыню каля 2,3 м. Пра гэта вядомы спартовец, які выступае ў скачку ў вышыню, расказаў журналістам. „Доўгі час не скакаў. Да гэтага ўвага надавалася агульнафізічнай падрыхтоўцы. Калі ўсё будзе добра, на чэмпіянаце краіны пакажу вынік каля 2,3 м. Калі атрымаецца, буду вельмі задаволены. Гэты старт стане першым пасля доўгага перапынку. Трэба расскакацца, пакуль на трэніроўках пераадольваю каля 2,2 м”, – сказаў Недасекаў, які з’яўляецца срэбраным прызёрам кантынентальнага форуму сярод дарослых 2018 года і пераможцам чэмпіянату Еўропы сярод моладзі – 2019.
„Джыра д’Італія” стартуе 3 кастрычніка на Сіцыліі
У цяперашнім сезоне „Джыра д’Італія” стартуе 3 кастрычніка на Сіцыліі. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце аднаго з трох этапаў Гранд-тура. На дарогах выспы пройдуць чатыры гонкі, перад тым як спартоўцы пераедуць на кантынент. Працягнуцца спаборніцтвы да 25 кастрычніка. Першапачаткова планавалася правесці „Джыра” з 9 па 31 сакавіка. Акрамя таго, арганізатары хацелі зладзіць частку гонак у Вугоршчыне. Аднак з-за пандэміі каронавіруса шматдзёнка была адкладзеная да восені. Адмовіліся і ад ідэі 16-ы раз у гісторыі спаборніцтваў пачаць іх за межамі Італіі.
Беларускае Радыё Рацыя