У Лідзе прайшоў пікет у падтрымку Ціханоўскай



Каля 1000 чалавек прынял удзел у агітацыйным пікеце ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

 

Хоць сама Святлана зараз ажыццяўляе агітацыйны тур па ўсходніх абласцях Беларусі і замест яе на пікеце прадстаўлялі давераныя асобы, а ў сваю чаргу ўлады выдзелілі пляцоўку для агітацыі ў адным з самых аддаленых мікрараёнаў горада, усё адно на сустрэчу прыйшлі і прыехалі мноства жыхароў Ліды і суседніх раёнаў. Прысутныя патрабавалі ад уладаў сумленных і справядлівых выбараў:

– Я не радыкальна настроены, не за „Майдан”, як хтосьці кажа. Я за справядлівасць, за справядлівыя выбары, дайце нам іх правесці, палічыце сумленна і ўсё. Мы будзем паважаць меркаванне большасці і будзем жыць з імі. Нас таксама трэба чуць і трэба паважаць наша меркаванне таму, што мы таксама беларусы і людзі. Я думаю, што і міліцыя пачуе і сілавыя структуры і армія ў тым ліку. Татальны рэжым, калі браць статыстыку, усё роўна ён гінуў і ён загіне, а мы хочам жыць у нармальнай, справядлівай, свабоднай краіне.

Вядучы пікету, давераная асоба Святланы Ціханоўскай – Мікалай Салянік паабяцаў, што сама кадыдатка са сваёй камандай абавязкова наведае Ліду на наступным тыдні.

Пікет у Лідзе прайшоў у добразычлівай і цёплай абстаноўцы. На ім нават не былі заўважаныя супрацоўнікі міліцыі. Што праўда, пасля яго сканчэння аўтамабіль з сябрамі ініцыятыўнай групы быў спынены нарадам ДАІ, але пасля складання пратакола за адсутнасць тэхагляду, быў адпушчаны.

Беларускае Радыё Рацыя