Масавы мітынг у Гомелі
На рэкордным мітынгу ў Гомелі сабраліся людзі розных узростаў, прафесій і прыбыткаў – увесь зрэз грамадства. Прысутныя патрабавалі перамен.
Мужчына:
– Другога выбару няма. Трэба выходзіць, каб улады бачылі, што нас шмат і што мы скіраваныя рашуча. Мужчына:
– Патрыятычнасць прачынаецца, бачу, што не толькі мне аднаму не ўсё роўна, што людзі выходзяць, нягледзячы на пандэмію, каб паказаць сваю незадаволенасць.
Жанчына:
– Каб была альтэрнатыва, каб нашыя дзеці жылі ў свабоднай краіне.
У Гомелі адбыўся самы масавы мітынг. Па некаторых ацэнках, колькасць прысутных перавысіла 10 тысячаў. Удзельнікі патрабавалі перамен, а трыумвірат сустрэлі як рок-зорак: апладысментамі і радаснымі воклічамі:
– Света, мы цябе любім. – Крычалі ў натоўпе.
– Верым. Можам. Пераможам. – Гаварылі іншыя.
– Жыве Беларусь! – Працягвалі прысутныя.
– Патрэбная эвалюцыя грамадства. – Сказала жанчына з дзецьмі.
– Надакучыла! – Выказаў сваю пазіцыю мужчына з плакатам “Мы за честные выборы”.
Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская падчас мітынгу ў Гомелі паабяцала у выпадку перамогі новыя выбары з удзелам альтэрнатыўных кандыдатаў. Таксама яна паабяцала адпусціць палітвязняў:
– Калі вы будзеце галасаваць за Ціханоўскую, вы не будзеце галасаваць за яе як за палітыка. Вы будзеце галасаваць за Ціханоўскую як за будучыя перамены. Новыя чыстыя, празрыстыя выбары, у якіх змогуць удзельнічаць і Сяргей Ціханоўскі, і Валерый Цапкала, і Віктар Бабарыка, і ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты.
Горадам Гомелем кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская завяршыла сваю чатырохдзённую паездку па Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель