Зянон Пазьняк не выключае зняцця Святланы Ціханоўскай з выбараў



Лідар Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі Беларускі народны фронт Зянон Пазьняк лічыць, што Святлану Ціханоўскую могуць зняць з выбараў. Пазьняк зноў заклікаў да байкоту выбараў.

Цытата: Агітацыю людзей на фальшывае галасаваньне пад уплывам групоўкі Газпрама-Цапкалы яна ўжо зрабіла. Прытым гэтая групоўка правяла нават прэвентыўную прапаганду за прыход на фальшывае галасаваньне (галасаваць супроць ўсіх) у выпадку, калі Ціханоўскую сапраўды здымуць з выбарчага спаборніцтва. Вельмі паказальная пазыцыя.

Навошта гнаць людзей на фальшывае галасаваньне супраць ўсіх, калі там галасоў ня лічаць? Лагічна якраз праігнараваць такое галасаваньне, зафіксаваць няяўку, падаць дакуманты ў ЦВК і Пракуратуру ды законна запатрабаваць новыя выбары з новымі кандыдатамі. Навошта так упарта пры любых абставінах хочуць загнаць людзей галасаваць? Вынік жа такога галасаваньня вядомы – трыюмф Лукашэнкі.

БАЙКОТ – ГЭТА САМЫ ПРОСТЫ І НАДЗЕЙНЫ СПОСАБ ЗАВАЛІЦЬ ФАЛЬШЫВЫЯ ВЫБАРЫ. Непрыход на галасаваньне паддаецца відавочнаму падліку і дакумэнтаваньню. Дзеяньне зразумелае кожнаму. Некаторыя прапануюць фатаграфаваць бюлетэні і адсылаць здымкі ў Сеціва. Потым зборку бюлетэняў будуць параўноўваць з афіцыйным галасаваньнем і рабіць высновы. Гэты мэтад нават тэарэтычна грувасткі, працаёмкі, доўгатэрміновы і, практычна, неажыцьцявімы. Спробы фатаграфаваньня могуць быць спынены рашэньнем ЦВК альбо дзеяньнямі камісіяў (з прыцягненьнем міліцыі). Прытым можа быць адключаны Інтэрнэт, заблакаваныя асобныя функцыі сувязі. Адкідайма ўсё гэтае «рацыяналізатарства» і бярэмся за байкот фальшывага галасаваньня. Ня йдзем на выбары і фіксуем непрыход на ўчасткі!

Беларускае Радыё Рацыя