Віктар Марціновіч: Само па сабе ў Беларусі нічога не зменіцца



Перадвыбарчая паравіна ў Беларусі паказала, што ў беларускім грамадстве саспела новае пакаленне, якое атрымала назву «нябітыя». «Нябітыя» – гэта людзі, якія выходзяць на акцыі салідарнасці, сустрэчы з кандыдатамі і перадусім ставяць пытанне свабоды без развагаў пра мову і персаналіі. Сваё бачанне гэтай генерацыі прадставіць сённяшні “Госць Рацыі”.

РР: Што Вы можаце сказаць пра нашае пакаленне 70-80 гадоў  – яно ўжо адпрацаваны матэрыял ці ў Беларусі яшчэ можна ўсё ж такі нешта зрабіць і сказаць?

Віктар Марціновіч:  Калі пытанне пра генерацыю, то мне падаецца, што генерацыя людзей, якія нарадзіліся ў 80-х – гэта людзі, якія ўжо шмат спазналі, шмат часу пражылі ў тых даволі дзікоўскіх абставінах, у якіх мы жывём апошнія 25 гадоў, якія вывучыліся баяцца як след. І таму, канешне, мы, як тыя “сямідзясятнікі” з мінулага веку. Мы як быццам бы памятаем, як мусіць быць, але актыўнай здольнасці да пратэсту, як і тыя савецкія “сямідзясятнікі” не маем. На жаль. Бо іх калечыла жыццё ў СССР, а нас калечыла жыццё ў адроджаным СССР. Таму не на нас спадзеў. На нас няма спадзяванняў у гэтым 2020 годзе. Зараз прыйшла нейкая новая генерацыя, якая яшчэ не пужаная, якая не ведае, як мусіць быць. Як трэба баяцца, чаго баяцца. І вось менавіта сваёй няпужанасцю яны, здаецца, і расхісталі тую стабільнасць, якая была. Бо праблема ў тым, што, магчыма, і нас было больш, чым тых людзей, якія нас распужвалі. Але мы проста ніколі не ўсведамлялі, дзякуючы адсутнасці сацыяльных медыяў і астатніх механізмаў сувязі, што нас можа быць дужа багата. Тыя, хто стаяць за пратэстамі ў 2020, яны ўжо проста сыходзяць з таго, што іх большасць. Вось гэта ўжо нешта іншае, не тое, што было раней.

РР: У Вашым рамане “Мова” ёсць такі падзагаловак “Проста стойце побач, да вас падыйдуць”. І вось падзеі гэтага года, нават хапун, ці той жа недакаранцін, паказваюць, што гэта прарочыя словы. То можа гэта такі ўжо лёс беларусаў – стаяць і чакаць? І нават новаму пакаленню?

Віктар Марціновіч: Праблема ў тым, што мы ўвесь час стаім побач і чакаем. Але ніхто не падыходзіць. Мы ўвесь час чакаем, што, напрыклад, Еўропа неяк адгукнецца,  скажа сваё слова. Іншая частка нашага грамадства мае схільнасць бачыць ва ўсім “руку Масквы”. Але насамрэч, збольшага мы нікому не патрэбныя. Мы не патрэбныя нават адно аднаму. Не патрэбныя нават самі сабе. З гэтага і выбягае гэтая сітуацыя – проста стойце побач і да вас падыйдуць. Як нейкі дзэн беларускі. Мы стаім і чакаем, а нічога не адбываецца. Мы чакалі, што ўсё само зменіцца.  Але сусвет так выбудаваны, што само ніколі нічога не мяняецца. І не зменіцца яно і гэтым разам, калі тая большасць, якая ўжо асэнсавала сябе як большасць, будзе проста стаяць і чакаць, калі да яе падыйдуць.

РР: Таксама ў вашым рамане “Мова” гаворка ідзе пра тое, што падзеі разгортваюцца пад кантролем расейска-кітайскіх сіл. І сёлета ў нас усе кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не беларускамоўныя ў камунікацыях з выбарцамі. Як вы лічыце, гэта так ужо і павінна быць? Нацыя не ёсць моваю?

Віктар Марціновіч: Тая сітуацыя, якую я бачу зараз, гэта сітуацыя страшэннага заняпаду мовы. Я не хачу зараз пераходзіць на прозвішчы, імёны і прыклады, каб нікога не пакрыўдзіць, але калі ў Нацыянальным тэатры, калі ў нацыянальных цэнтрах, дзе дзяржава мусіла б гадаваць гэтую мову, людзі паміжсобку размаўляюць па-руску і з лёгкасцю і гатоўнасцю пераходзяць на рускую, і спачатку з табою пачынаюць размову па-руску, то гэта ўжо прыкмета таго, што мова зрабілася роляваю гульнёю для тых адзінак, якія ўсё яшчэ ў гэтым свеце. Хопіць енчыць, зараз усім здаровым беларусам, усім людзям, якія дбаюць пра мову, пра культуру, пра лёс, пра Радзіму трэба зразумець, што адзіны шанец усё гэта захаваць – гэта з’яднацца і забыць пра нейкія дробныя ўнутраныя прэтэнзіі. Памятаць пра тое, што, каб выратаваць мову, трэба спачатку здабыць права выбару, якога зараз у нас няма. Адзіны шанец для існавання мовы – гэта змены, пры якіх мова вернецца ў парламент, пры якіх яна зробіцца сродкам камунікацыі дзяржаўнага апарату, пры якім мова будзе абавязковай для чыноўнікаў. Дык адзінае, на што трэба спадзявацца, гэта на перамены.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

З Віктарам Марціновічам гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота з асабістай старонкі ў Facebook Віктара Марціновіча