Грамадскія арганізацыі сустрэліся з прадстаўнікамі СМІ
У горадзе над Бугам адбыўся круглы стол пад назвай «Грамадскасць і СМІ: выклікі і поспехі супрацоўніцтва». Рэдактараў, журналістаў, блогераў, кіраўнікоў і актывістаў пад адным дахам сабралі прадстаўнікі некамерцыйнай арганізацыі «За свой горад».
Падрабязней кажа ейны кіраўнік і арганізатар мерапрыемства Ігар Маслоўскі:
– Галоўная мэта – палепшыць камунікацыі паміж СМІ і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў Берасці. Я думаю, сустрэча прайшла вельмі добра. Бо ўсе выказалі пажаданні, што можна працаваць лепей, больш інтэнсіўна. Якраз расказалі адзін аднаму, што для гэтага трэба зрабіць. І ўсе ў прынцыпе пагадзіліся, што трэба ісці насустрач і рабіць берасцейскае грамадства лепшым у такіх камунікацыях.
Таксама, з боку НДА, у мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» і грамадскага аб’яднання «Клуб дзелавых жанчын». Ад СМІ ў якасці ўдзельнікаў былі рэдактары і журналісты рэгіянальных выданняў «Бинокль», «Першы Рэгіён», YouTube-канала «12/52», а таксама нашага радыё. Запіс трансляцыі з мерапрыемства можна паглядзець на Facebook-старонцы «За свой горад».
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце