За год колькасць занятых у эканоміцы знізілася на 23 тыс. чалавек
У эканоміцы Беларусі ў чэрвені 2020 года было занята 4 млн 300,8 тыс. чалавек, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
Для параўнання: у чэрвені 2019 года было занята 4 млн 323,8 тыс. чалавек. Такім чынам, за год колькасць занятых знізілася на 23 тыс.
Паводле звестак Белстата, у чэрвені 2020 года колькасць звольненых работнікаў склала 59.287, прынятых на працу — 54.769. Суадносіны прынятых і звольненых — 92,4%. Найбольшая колькасць звольненых прыпала на прамысловасць — 12.274 чалавекі (суадносіны — 95,1%), затым ідуць: адукацыя — 10.042 (75%), гандаль — 9.344 (94,2%), ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — 4.992 чалавекі (75,4%).
Як паведамілі ў Мінпрацы, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 ліпеня склаў 0,2% колькасці працоўнай сілы (на 1 ліпеня 2019 года — 0,3%).
Эксперты звязваюць зніжэнне занятых у эканоміцы з дэмаграфічнай сітуацыяй, а таксама з адтокам рабочай сілы за мяжу.