Андрэй Дзмітрыеў: Будзем выцягваць людзей на выбары



Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў распавёў пра тое, як падчас выбарчай кампаніі праходзіць этап агітацыі.

Андрэй Дзмітрыеў: Наша каманда запланавала 214 пікетаў, з іх у Менску – 145. Правёў больш за 15 сустрэч з выбаршчыкамі ў розных гарадах, асобна выстаўляюцца пікеты. На гэтым тыдні плануем ахапіць каля 20 гарадоў.

У нас не толькі вулічная, але і анлайн-агітацыя, якую актыўна выкарыстоўваем. Выступаю на БТ, будуць тэледэбаты. Лічу, што ўсе кандыдаты павінны ў іх удзельнічаць асабіста. Гэта ж павага да выбаршчыкаў. А за гэтую кампанію адбудуцца толькі двое дэбатаў – адны у кампаніі БелаПАН, а другія на дзяржаўным тэлебачанні. Таксама ў розных гарадах пройдуць невялікія акцыі.

РР: Хто ваш электарат?

Андрэй Дзмітрыеў: Тыя, хто ведае нашу працу. Будзем таксама завабліваць тую частку людзей, якая яшчэ не вызначылася, за каго яны будуць галасаваць.

Калі мы глядзім, напрыклад, на масавыя мітынгі Святланы Ціханоўскай, то падаецца, што гэта і ёсць усё беларускае грамадства. А насамрэч – гэта ўсё яшчэ меншасць. Вельмі шмат людзей альбо яшчэ не вызначыліся з кандыдатам, альбо наогул не збіраюцца ісці на выбары.

І для ўсіх тых, хто хоча пераменаў, гэта самая вялікая пагроза. Таму мы будзем рабіць усё, каб выцягваць на выбары тую частку электарата, якая не ходзіць на галасаванне, але без якой перамогі не будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелаПАН