Чаму банкам рэкамендавалі не даваць рэкламу ў недзяржаўныя СМІ?



Эканаміст Барыс Жаліба лічыць, што рэкамендацыя, якая практычна носіць абавязковы характар, звязана з выбарамі.

Банкам — як дзяржаўным, так і прыватным — рэкамендавалі адмовіцца ад размяшчэння рэкламы ў недзяржаўных СМІ, паведаміў Tut.by.

Пра тое, што ўлады маюць намер заняцца размеркаваннем рэкламных даходаў у інтэрнэце, гаварыў не так даўно міністр інфармацыі Ігар Луцкі.

Барыс Жаліба: За рэкламу, у тым ліку і ад банкаў, СМІ атрымліваюць пэўныя грошы, а зараз улады вырашылі выданням нанесці фінансавы ўдар. Можа быць, і не вельмі моцны, але хоць такім чынам вырашылі зрабіць свой “унёсак” у выхаванне недзяржаўных СМІ. Мяркую, гэта зроблена невыпадкова, якраз у перадвыбарчы перыяд.

Фінансы – гэта заўсёды актуальнае пытанне для сродкаў масавай інфармацыі, а рэклама – адна з асноўных крыніц паступлення грошай.

РР: Нацбанк не пацвярджаў, ні абвяргаў гэтую інфармацыю, але вядома, што такая ініцыятыва носіць рэкамендальны характар…

Барыс Жаліба: У нас Нацбанк заўсёд свае ўказанні называе рэкамендацыямі, хаця ўсе банкі цудоўна разумеюць, што па сутнасці гэта – загад, які неабходна выконваць.

Наколькі вядома, ужо некаторыя банкі перасталі даваць рэкламу ў пэўныя СМІ, хаця ніхто не ведае, ці часовая гэтая “рэкамендацыя”, ці яна прыжывецца, каб перанакіраваць грашовыя патокі ад ркламы банкаў з недзіржаўных СМІ ў дзяржаўныя. Увогуле, кажуць, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя